Колькасць палітвязняў вырасла да 995 чалавек

Колькасць палітвязняў вырасла да 995 чалавек

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ сем чалавек. Гэта Генадзь Сеўрук, Юрый Чудзіновіч, Дзмітрый Канеўскі, Андрэй Сачанка, Аляксандр Іваноў, Уладзіслаў Цімашчук, Руслан Слуцкі.

Амаль усе яны асуджаныя за каментары ў сацсетках або тэлефанаванні. Іхныя дзеянні кваліфікаваныя як распальванне сацыяльнай варожасці і пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Толькі Руслан слуцкі быў асуджаны на 11 гадоў за спробу злучыць металічным дротам рэйкі чыгункі, што магло прывесці да затрымкі руху цягнікоў, і “акт тэрарызму” — падкіданне шыпоў на аўтадарогу перад праўладным аўтапрабегам. 

"Кваліфікацыя дзеянняў усіх пералічаных асобаў, а таксама від і памер пакарання былі відавочна непрапарцыйныя і не адпаведныя цяжкасці зробленага. У кожным выпадку зняволенне стала празмерна жорсткай рэакцыяй уладаў на пратэсную актыўнасць грамадзян. У шэрагу выпадкаў меў месца відавочна селектыўны падыход да вызначэння пакарання па палітычных матывах у параўнанні з падобнымі дзеямі пры адсутнасці палітычнага матыву", — канстатуюць праваабаронцы.

Яны патрабуюць перагледзець справы палітвязняў, а саміх іх вызваліць пад абавязальніцтва яўкі ў суд. Таксама праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць усіх палітвязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Пад заявай падпісаліся праваабарончы цэнтр "Вясна", Прававая ініцыятыва, Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі