Коктыш: Прэзідэнт хоча паставіць уласную стабільнасць вышэй за суверэнітэт

110908 Kokty6_site.mp3

Еўрарадыё: Лукашэнка на сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ сказаў пра тое, што "гаворка ідзе не толькі аб прымяненні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання (КСАР) на выпадак умяшальніцтва іншых дзяржаваў звонку, але таксама ў выпадку ўмяшальніцтва іншых дзяржаваў унутры краін АДКБ". Учора ў шэрагу расійскіх СМІ з’явілася інфармацыя пра тое, што Лукашэнка вульгарызаваў ідэі АДКБ, са спасылкай на крыніцы ў Крамлі. Сёння памочнік прэзідэнта РФ Сяргей Прыходзька сказаў, што гэтая пазіцыя з Расіяй усе ж узгодненая. Крэмль супярэчыць сам сабе?

Коктыш: Мне здаецца, што ніякай супярэчнасці тут няма, бо, вядома, калі размова ідзе пра рэальную дэстабілізацыю ўнутры краіны, калі гэта дэстабілізацыя пагражае стабільнасці краін суседзяў, тады гуманітарнае ўмяшальніцтва мае месца быць. Гэта відавочна выцякае і вынікае з мандату АДКБ. Гаворка ідзе пра тое, каб узброеныя сілы АДКБ выкарыстоўваліся ва ўнутранай грамадзянскай вайне на карысць адной групы інтарэсаў і супраць іншай групы інтарэсаў, то гэта непрымальна. Гэта тыя крокі, на якія Крэмль не пойдзе.

Еўрарадыё: У СМІ гэтая інфармацыя ўспрымаецца так, што Прыходзька падтрымаў Лукашэнку, і што магчымае такое ўмяшальніцтва, ці вы так не лічыце?

Коктыш: Учора, калі спадар Бардзюжа рабіў сваю заяву, ён даў даволі вялікі спіс тых рэчаў, якія могуць быць выкарыстаныя ці могуць стаць падставай для ўмяшальніцтва. Гаворка ідзе менавіта пра тое становішча, калі краіна перастала быць краінай і ператвараецца ў тэрыторыю. Калі ідзе грамадзянская вайна, калі ідзе гуманітарная катастрофа. Калі краіна перастала існаваць як краіна, ператварылася ў нейкую нестабільную тэрыторыю і тады ўмяшальніцтва з’яўляецца адзіным сродкам, каб захаваць жыцці тых людзей, якія засталіся на гэтай тэрыторыі. І гэта вынікала з учорашняй заявы. І мне здаецца, што спадар Прыходзька таксама падкрэсліў, што заяву трэба разумець як тое, што ён не выключае, што нават і Беларусь можа дайсці да такой глыбіні дэстабілізацыі, калі знешняя падтрымка ці ўмяшальніцтва будзе патрэбнае.

Еўрарадыё: Баяцца таго, што расійскі спецназ высадзіцца ў Беларусі, каб разганяць акцыі пратэстаў грамадзян Беларусі не даводзіцца?

Коктыш: Мне здаецца, што гэта проста немагчыма. Па-першае, выкарыстоўваць уласныя войскі ў чужой грамадзянскай барацьбе – гэта місія няўдзячная, часта бессэнсоўная, бо за гэта не будзе падзякі. Імгненна будзе абвінавачанне ў імперыялізме, у захопе чужых тэрыторый і ўсіх тых рэчаў. Ад якіх яна хоча дыстанцыявацца. Мне здаецца, гэта ўмяшальніцтва для Расіі невыгодна і супярэчыць міжнародна-прававой традыцыі. Апошнія 300 гадоў, калі існуе прынцып суверэнітэту, зразумела, гэты суверэнітэт шмат разоў парушаўся кім толькі магчыма, але ніколі той, хто парушаў суверэнітэт не імкнуўся перавесці гэтае парушэнне ў нейкі прававы прынцып. А зараз фактычна прэзідэнт паспрабуе паставіць каштоўнасць уласнага кіравання, каштоўнасць уласнай стабільнасці вышэй за каштоўнасць суверэнітэту і гэта тое, ад чаго ўся Еўропа і Расія імкнуліся дыстанцыявацца апошнія 300 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі