Вы тут

Коцікі і закон

Фота: Еўрарадыё

"Я больш не мог з гэтым мірыцца", — кажуць пра свой выбар людзі, якія прысвячаюць вольны час клопату пра жывёл. У кожнага ёсць гісторыя, якая стала апошняй кропляй — пра коціка з адсечанай лапай або пра коней, якіх школа верхавой язды ледзь не замарыла голадам. І кожны раз высвятлялася, што закон не абараняе жывёл ад жорсткага абыходжання. Тры героя праекта "Медыясеткі" з Азербайджана, Беларусі і Малдовы практычна на голым энтузіязме здолелі дабіцца многага для сваіх падапечных.

 

Малдова: адэкватнае пакаранне

Карл Луганаў з дзяцінства хацеў стаць ветэрынарам. Мара не спраўдзілася, але яму ўдалося дапамагчы жывёлам інакш. Карл стаў сааўтарам першага ў Малдове законапраекта, які забараняе жорсткае абыходжанне з жывёламі. Акрамя гэтага, Карл і яго аднадумцы дамагліся ўнясення паправак у крымінальны кодэкс: калі яны набудуць моц, тых, хто мучыць жывёл, можа чакаць турма, а не штраф у пяць еўра, як цяпер.

Пра тое, што нават за жахлівую жорсткасць можна атрымаць такое сімвалічнае пакаранне, Карл даведаўся некалькі гадоў таму, калі высветлілася, што кішынёўская конная школа ледзь не замарыла голадам 43 коней. Спаслаўшыся на недахоп сродкаў, адміністрацыя школы проста перастала карміць коней, і тым самым асуджала іх на пакутлівую смерць. Калі б не актыўнае ўмяшальніцтва неабыякавых (і не іх ахвяраванні) жывёлы б абавязкова загінулі.

Журналісты газеты Ziarul de Garda распавядаюць, як малдаўскім актывістам удалося дамагчыся ўвядзення адэкватнага пакарання за жорсткае абыходжанне з жывёламі.

Ziarul de Garda, Сабачае сэрца... у крымінальным кодэксе

 

Азербайджан: міласэрнасць у школьнай праграме

"Ляжыць сабака, спіць. Да яго падыходзяць і даюць выспятка ці б'юць палкай, або кідаюць у яго камень. Проста так", — валанцёр-зоаабаронца Рауль Мамедаў распавядае пра тое, як да бяздомных жывёл ставяцца азербайджанскія абывацелі.

Тое, што ў жывёл ёсць правы, асабліва цяжка бывае данесці да старэйшага пакалення, кажа Рауль. Моладзь больш адкрытая, лічыць ён, але вучыць мірнаму суіснаванню трэба з дзяцінства. На жаль, да яго меркавання пакуль прыслухоўваюцца не многія.

Чыноўнікі мэрыі Баку сцвярджаюць, што кантралююць папуляцыю вулічных жывёл гуманнымі спосабамі — стэрылізацыяй. Але актывісты ведаюць, што па крайняй меры пяць сабак штогод абвяшчаюць шалёнымі і забіваюць. Дзякуючы Раулю і іншым актывістам, у мінулым годзе ўдалося прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў гарадской адміністрацыі, якія далі распараджэнне пра адстрэл сабак.

Як гэта было, распавядае “Мейдан-ТВ” у рэпартажы "Яны не могуць уявіць, што ў жывёл ёсць правы''.

 

Беларусь: жывёлы па-за законам

"Хто, калі не я?" — так каментуе сваё рашэнне кінуць паспяховую кар'еру і цалкам прысвяціць сябе жывёлам Аніса Працэнка, адна з гераінь рэпартажу Еўрарадыё.

Калега Анісы, Вольга Карпава, фармулюе больш падрабязна: "Скарачэннем папуляцыі бяздомных жывёл гуманнымі метадамі займаюцца толькі валанцёры. У дзяржавы адна пазіцыя — вынішчыць".

Сабака, з якога жыўцом злупілі шкуру, кот з адсечанай лапай, зарэзаны сабака — актывісты наўскідку назавуць дзясятак злачынстваў супраць жывёл (і не толькі бадзяжных), якія, мабыць, ніколі не будуць расследаваныя. Закон, які мог бы гэтаму садзейнічаць, у Беларусі не могуць прыняць з 2011 года. І хоць актывістам удалося дамагчыся крымінальнай адказнасці для жывадзёраў, "працуе гэта вельмі складана".

Чаму так адбываецца, чытайце ў матэрыяле Еўрарадыё "У аднушцы з 8 катамі"

 

Над праектам у межах "Медыясеткі" працавалі: Гюнэль Іманава, Ліліяна Батнарук, Кацярына Аляксандр, Вольга Булат, Вольга Дзексніс, Аляксей Сіпачоў, Аляксандр Васюковіч, Віталь Ругайн, Максім Эрыставі, Марыя Спірыдонава, Дыяна Петрыяшвілі.