Вы тут

Кнігі закатаюць у зямлю трактарам — Бахарэвіч пра лёс свайго рамана ў Беларусі

Тыраж рамана быў канфіскаваны яшчэ ў красавіку 2021 года / Lohvinau.by

Тыраж рамана Альгерда Бахарэвіча "Сабакі Еўропы" будзе ў літаральным сэнсе пахаваны, сцвярджае аўтар. Пра гэта ён распавёў у Facebook.

"Даведаўся сёньня, што зробяць з канфіскаваным накладам "Сабакаў Эўропы". Кнігі закатаюць у зямлю трактарам. Memento, quia pulvis es. Трактарыст, газу", — піша Бахарэвіч.

У траўні 2022 года беларускае Міністэрства інфармацыі ўключыла антыўтопію Бахарэвіча ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. На экспертызе кніга была больш за год. Тыраж канфіскавалі яшчэ ў красавіку 2021 года, а пастанову аб забароне суд вынес 17 траўня 2022 года. Нагадаем, адна з частак рамана распавядае пра жыццё ў Беларусі будучыні, якая знаходзіцца пад поўным кантролем Расіі.

Раман выйшаў яшчэ ў 2017 годзе. Быў адзначаны другім месцам прэміі Гедройца і атрымаў яшчэ некалькі літаратурных узнагарод. Рускі варыянт рамана быў уключаны ў шорт-ліст прэстыжнай расійскай прэміі "Вялікая кніга". "Сабакі Еўропы" перакладаліся таксама на французскую і англійскую мовы, рыхтуецца яе пераклад на нямецкую.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.