Класкоўскі: "Партыя ўлады" можа задушыць палітычную альтэрнатыву

Еўрарадыё: Рэспубліканскае грамадскае аб'яднанне "Белая Русь" гатовае стаць партыяй. Такое меркаванне нядаўна выказаў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў на сустрэчы з актывам шклоўскай раённай арганізацыі "Белай Русі". А ці гатовы да гэтага Аляксандр Лукашэнка?
110815 Klaskouski site.mp3
Класкоўскі: Тут якраз і залежыць усё ад першай асобы. Усе гэтыя фразы пра тое, што "ініцыятыва ідзе знізу", вядома, выклікаюць толькі іронію. Ініцыятыва знізу — гэта тыя маўклівыя пратэсты, якія брутальна задушылі нядаўна. А што тычыцца "Белай Русі" — гэта такі даўні паліт-тэхналагічны праект, які прыўладныя тэхнолагі прапаноўвалі Лукашэнку яшчэ некалькі гадоў таму, але тады ён дастаткова асцярожна паставіўся.

Думаю, у Лукашэнкі "сядзіць у галаве" кепскі досвед КПСС, якая ператварылася абсалютна не ў жыццяздольную структуру. І ён баіцца такога "рэмейку" няўдалага, і ён гэта нават у слых прагаворваў. Але зараз, паколькі пайшоў трэнд на тое, каб пакрысе шукаць агульную мову з Захадам, з Еўропай: мы бачым дзевяць палітвязняў выпусцілі і гэта толькі першы ход у гэтай гульні. Адным з хадоў можа быць якраз вось такая гульня ў нібыта "лібералізацыю" выбараў у парламент, якія пройдуць прыкладна праз год. І, у прыватнасці, могуць палову месцаў, напрыклад, па партыйных спісах, каб туды трапілі кандыдаты. На гэты выпадак вось гэтая загатоўка, такі "прадукт глыбокай замарозкі" — "Белая Русь" можа прыдацца.
 
Еўрарадыё: Чым з’яўленне такой партыі можа пагражаць, напрыклад, апазіцыі?

Класкоўскі: Пад гэтую магчымую гульню пад назвай: “выбары у парламент па партыйных спісах” трэба будзе перафарматаваць унутрыпалітычнае поле, а як у нас перафарматоўваюць, гэта ж вядома: сякерай, дубінай, — такія інструменты ў беларускай улады. Працэс пераўтварэння "Белай Русі" ў партыю будзе суправаджацца і тым, што будуць выціскаць такую сапраўдную прынцыповую, радыкальную, як яе называе ўлада, апазіцыю ў андэграўнд і ствараць "кішэнную апазіцыю", таму гэта працэс небяспечны. Гаворка не толькі пра тое, што гэтыя партыйныя функцыянеры атрымаюць нейкія партфелі, але і пра тое, што фактычна рэальная палітычная альтэрнатыва ў краіне будзе канчаткова задушаная.

Еўрарадыё: Калі "Белая Русь" стане партыяй, то трэба будзе аднекуль браць яе членаў, імітаваць нейкую "народную падтрымку". Ці рэальна падчас крызісу гэтай новастворанай партыі набыць нейкую папулярнасць у беларусаў?

Класкоўскі: У афіцыйных прафсаюзах 4 мільёны чалавек. Каласальная лічба. Не думаю, што насамрэч яны ў вялікім захапленні ад таго, якую лінію вядуць афіцыйныя прафсаюзы, якія зараз фактычна маўчаць, нягледзячы на такое катастрафічнае падзенне ўзроўню жыцця. Гэтак сама і з партыяй улады.

Еўрарадыё: Якая ідэалогія можа быць у партыі "Белая Русь"?

Класкоўскі: Ніякай не будзе, калі казаць коратка, бо ўся ідэалогія зводзіцца да таго, калі ўвогуле ўзяць прааналізаваць беларускую дзяржаўную ідэалогію, гэта поўная пустата. Акрамя ідэі лаяльнасці да першая асобы — нічога няма. Таму гэта не ідэя, гэта менавіта структура, гэта яшчэ адно адгалінаванне вертыкалі. Фактычна, вертыкальнікі і складуць касцяк “Белай Русі”, будуць яе функцыянерамі. Таму ніякай ідэалогіі тут не будзе, акрамя таго, што трэба забяспечваць патрэбны вынік на выбарах.

Фота — borisov.minsk-region.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі