Кіёскі выгналі — замест іх з’явяцца навесы

Чым дагадзілі навесы, у адрозненне ад кіёскаў, Еўрарадыё высвятляла ў сталічных уладаў
Навесы ля крамаў павінны былі з’явіцца яшчэ 15 красавіка. Па словах кіраўніка ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Ларысы Камаровай, перашкодзіла надвор’е.

Ларыса Камарова: “Яны будуць функцыянаваць да лістапада ў залежнасці ад умоў надвор’я. Гэта часовыя аб’екты пры стацыянарных аб’ектах гандлю і грамадскага харчавання незалежна ад формы ўласнасці. Гэта як для зручнасці насельніцтва ў летні сезон, вось, зараз стане горача, зразумела, усім хочацца і той жа напой, і тое ж марозіва з’есці на вуліцы”.

Паводле інфармацыі БЕЛТА, да 1 траўня у Мінску будзе ўсталявана 674 навесы, бо “гэтая сезонная форма гандлю актывізуе спажывецкі попыт, які ў гэтым годзе знізіўся”. Чым дагадзілі навесы ў адрозненне ад кіёскаў Еўрарадыё высвятляла ў Мінгарвыканкаме. Там нам патлумачылі, што кіёскі былі знішчаны на вуліцах горада, бо не адпавядалі санітарным нормам і псавалі знешні выгляд горада.

Мінгарвыканкам: “Шматрознічны гандаль у кіёсках не адпавядаў сучасным патрабаванням, якія прад’яўляліся да арганізацый гандлю, абслугоўванню насельніцтва, тэхнічнаму вобразу фармавання сталічнага гарадскога асяродка. Да асноўных недахопаў адносяць адсутнасць санітарна-бытавых, складскіх, падсобных памяшканняў, якія б дазволілі арганізаваць іх функцыянаванне без парушэння санітарных патрабаванняў”.

Кіраўнік упраўлення гандлю і паслуг Ларыса Камарова патлумачыла Еўрарадыё, што навесы патрабаванням, у адрозненне ад кіёскаў, адпавядаюць.

Ларыса Камарова: “Гэта абсалютна розныя рэчы: кіёскі, якія стаяць асобна, і аб’екты непасрэдна пры стацыянарных аб’ектах гандлю. Гэта і выкананне рэжыму захавання тавараў. Калі гэта аб’екты грамадскага харчавання, то на базе аб’екта і прыгатаванне здзяйсняецца ж не ў самім аб’екце сезонным, а непасрэдна ў стацыянарным прадпрыемстве. І стравы выносяцца толькі па замове. Калі гэта рознічная сетка, пры стацыянарных крамах, то зноў жа таварны запас, усё гэта захоўваецца непасрэдна на складзе стацыянарнага аб’екта, які менавіта для гэтага і прызначаны”.


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі