Кіроўца “маршруткі” выпіў бутэльку гарэлкі і сеў за руль

У Віцебскай вобласці ДАІ затрымала нецвярозага кіроўцу маршруткі, у крыві якога знайшлі 3,6 праміле спірту (прыкладна ён выпіў 1 літр гарэлкі).
Пасля працоўнага дня мужчына нападпітку вяртаўся ў гараж. Еўрарадыё высветліла, што гэта далёка не самы высокі паказчык: медыкі прыгадваюць выпадкі, калі ў аўтааматараў было 9 праміле, пры тым, што па навуковай літаратуры 6 праміле гэта ўжо кома. У мінскім гарадскім наркалагічным дыспансеры расказалі: звычайна самымі п’янымі аказваюцца жанчыны.

Кожны дзень у аддзяленне таксікалогіі гарадскога наркалагічнага дыспансера паступае 3-4 п’яныя кіроўцы. У аднаго з іх утрыманне алкаголю ў крыві будзе роўна 8-9 праміле. Дзяжурны лекар Людміла Чыкунова кажа, што ў асноўным пацыенты да іх трапляюць у начны час і халоднае надвор’е.

Людміла Чыкунова: Па літаратурных даных 6 праміле – гэта кома. Для нашых людзей, канешне, неафіцыйна ідзе болей. Для іх 8 – гэта не паказчык. У прынцыпе, ён можа быць у рэанімацыі. Ён будзе знаходзіцца не ў коме, а ў цяжкім становішчы. У нашых пацыентаў бывае і па 8, і па 9 праміле, а нашыя людзі ўстойлівыя і моцныя да гэтага.

Каб вывесці кіроўцу з такога стану, спатрэбіцца адзін дзень. Як правіла, самымі нецвярозымі пацыентамі становяцца жанчыны. На сваім дзяжурстве Людміла Чыкунова прыгадвае выпадак, калі ў кіроўцы знайшлі ў крыві 7,40 праміле спірту.

Людміла Чыкунова: У мачы яго было 15,72 праміле, а ў крыві - 7,40. Ну, гэта цяжка сказаць, колькі ён выпіў. Наогул, як робіцца разлік? Прыкладна на 80 кілаграм вагі 100 грам гарэлкі і будзе праз паўгадзіны 0,70 праміле. А колькі яны п’юць – гэта залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека.

Інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Мінска Юрый Красноў расказвае Еўрарадыё, што за 10 месяцаў гэтага года супрацоўнікі інспекцыі пазбавілі правоў 5 472 нецвярозых кіроўцаў.

Адзін з апошніх выпадкаў: кіроўцу “маршруткі” раніцай лекар на медаглядзе забараніў выязджаць на працу – у крыві быў алкаголь. Ён не паслухаў і выехаў з гаража. Ужо праз нейкі час яго спынілі супрацоўнікі тэхнічнага нагляду ДАІ, і пераагляд паказаў утрыманне алкаголю ў крыві 0,6 праміле.

Юрый Красноў успомніў і смешны выпадак.

Юрый Красноў: На сваёй памяці я толькі аднаго кіроўцу “маршруткі” спыняў нецвярозага. Падыходжу да машыны прадстаўляцца – за рулём няма кіроўцы, а з аўтамабіля ніхто не выходзіў. Яны ўжо абодва сядзяць ззаду ў салоне, глядзяць на мяне, як галубкі, і сцвярджаюць, што яны пасажыры, а кіроўца збег.

Юрый Красноў лічыць, што ў Мінску кіроўцы напіваюцца менш, чым у правінцыі: “У нас на кожным рагу стаяць супрацоўнікі ДАІ, а там адзін участковы на пяць вёсак, таму яны нічога не баяцца і адчуваюць сябе вольна”.

У прэс-цэнтры Віцебскай абласной ДАІ Еўрарадыё расказалі, што нецвярозыя кіроўцы “маршрутных” таксі сустракаюцца рэдка, і прыгадалі жудасны выпадак: у нецвярозым стане быў затрыманы кіроўца школьнага аўтобуса, які вёз дзяцей на вучобу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі