Кіраўніцтва ФК “Дняпро” абвінавачваецца ў фінансавых парушэннях

Кіраўніцтва ФК “Дняпро” абвінавачваецца ў фінансавых парушэннях

Кіраўніцтва ФК “Дняпро” абвінавачваецца ў фінансавых парушэннях. У сувязі з гэтымі абвінавачаннямі звольненыя генеральны дырэктар і галоўны трэнер клуба. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўпраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Магілёўскай вобласці, сярод іншага клуб незаконна атрымаў 2,5 мільярда рублёў з магілёўскага гарадскога бюджэту. Кіраўніцтва каманды падало ў гарвыканкам непраўдзівыя звесткі аб адсутнасці запазычанасці па плацяжах у фонд сацыяльнай абароны і прыхавала пратэрмінаваную пазыку па банкаўскім крэдыце.

Апроч таго, клуб абавязаны быў не меней за 25% спонсарскіх сродкаў накіроўваць на развіццё дзіцяча-юнацкага футболу, але гэтае абавязанне выконвалася толькі на паперы. 
Клуб існаваў у асноўным за сродкі гарадскога бюджэту і за кошт спонсарскай дапамогі. Пры гэтым галоўны артыкул выдаткаў у клубе складалі заробкі.

Шэраг парушэнняў быў выяўлены і ў выкарыстанні нерухомай маёмасці і зямельных участкаў. Напрыклад, ва ўласнасць клубу перадалі былыя санаторый-прафілакторый “Бурштын” і піянерскі летнік каля вёскі Чаромушкі Магілёўскага раёна. Сёння большая частка будынкаў не выкарыстоўваецца, прыходзіць у занядбаны стан і разбураецца.

Цяпер клуб пазбаўляюць дзяржпадтрымкі ў памеры 2,5 мільярда рублёў, а таксама дадаткова налічваюць падатак на даданую вартасць у 359 мільёнаў. Па факце нявыплаты падатку распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 243 Крымінальнага кодэксу.

Футбольны клуб “Дняпро” другі год гуляе ў першай лізе, куды выбыў з найвышэйшага дывізіёну па выніках чэмпіянату 2014 года. Летась ён заняў 4-е месца ў сваёй лізе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі