The Killers распадацца не збіраюцца

Фронтмэн The Killers  Брэндан Флаўэрс (Brandon Flowers) аспрэчыў чуткі пра распад каманды, справакаваныя пачаткам яго сольнай кар'еры.  Па словах музыкі, як раз падчас працы над сольным альбомам «Flamingo» ён ацаніў усе плюсы групавой творчасці і значнасць сяброўскай падтрымкі з боку калег.

Нагадаем, што The Killers абвясцілі пра сыход у «творчы адпачынак» на пачатку гэтага года, што дазволіла Брэндону распачаць запіс свайго дэбютнага сольніка. Цяпер музыка прызнаецца, што займацца студыйнай працай у адзіночку было зусім не так прыемна і весела, як гэта падавалася спачатку – і ён чакае, калі зноў зможа ўз'яднацца са сваімі калегамі.

«Гэта была дзіўная сітуацыя, - распавядае Брэндан Флаўэрс. – Я не адчуваў звыклага «пачуцця локця» і сумаваў па хлопцах. Не, мне было цікава займацца сольнай працай – але ўсё ж вельмі бракавала іх сяброўскай падтрымкі. Часам я пачуваўся вельмі самотным". Брэндан дадаў, што ўжо паспеў паразмаўляць з музыкамі і вызначыць папярэднія тэрміны вяртання ў студыю.

Адзначым, што дэбютны сольны дыск музыкі «Flamingo», у запісе якога ўзялі ўдзел вакалістка Rilo Kiley Джэні Люіс і прадзюсеры Сцюарт Прайс і Брэндан О'Браен, з'явіцца ў верасні гэтага года.

Нядаўна фронтмэн The Killers прадставіў грамадскасці першы трэк з гэтай кружэлкі – «Crossfire», які быў змешчаны ў вольны доступ на сайце музыкі.

Фота: blogs.ocweekly.com