“Хочаце, каб Коля Лукашэнка бегаў у бамбасховішча? Бамбіце Дразды!”

Мікалай Лукашэнка / "Спутнік"
Мікалай Лукашэнка / "Спутнік"

Трансляванне думкі, што беларускія дзеці мусяць бегаць па бамбасховішчах, стварае непатрэбную напружанасць і страх з боку простых беларусаў, якія павінны разумець, што Украіна ім не вораг. Пра гэта ў эфіры Еўрарадыё заявіў палітычны аглядальнік Павел Усаў.

— Дзеці тут ні пры чым. Насельніцтва Беларусі таксама ні пры чым. Яно знаходзіцца ў закладніках. Ёсць у Беларусі аб’екты, якія варта разглядаць як першасныя мэты для ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта расійскія вайсковыя базы і іншая расійская вайсковая інфраструктура. Не трэба беларусаў эмацыйна ўзбуджаць тым, што “вось зараз будуць бамбіць гарады, вёскі і селішчы, а дзеці будуць бегаць па бамбасховішчах”. Такім займаюцца толькі рускія ваенныя злачынцы.

Усаў нагадвае, што беларускі народ не вінаваты ў пусках расійскіх ракет з тэрыторыі Беларусі.

— Хочаце, каб Коля Лукашэнка бегаў у бамбасховішча? Бамбіце Дразды! Навошта бамбіць Гомель ці Брэст? Дзеці беларусаў, як і дзеці ўкраінцаў, у гэтым сэнсе не вінаватыя. Вінаваты Пуцін і, безумоўна, тая махровая частка расійскага грамадства, якая яго падтрымлівае. Беларусы ідэі вайны не падтрымліваюць. Ёсць акупацыйныя войскі на тэрыторыі Беларусі, якія былі размешчаны з палітычнай згоды Лукашэнкі.

Усаў рэзюмуе, што падобны дыскурс з боку ўкраінскіх лідараў меркаванняў гуляе на карысць расійскай прапагандзе, якая ў вачах беларусаў хоча зрабіць з украінцаў ворагаў.   

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі