Капскі пракаментаваў сітуацыю вакол Глеба і БАТЭ

Капскі пракаментаваў сітуацыю вакол Глеба і БАТЭ

Старшыня праўлення футбольнага клуба БАТЭ Анатоль Капскі пракаментаваў сітуацыю з Аляксандрам Глебам, які хацеў згуляць за барысаўскую каманду.

Як паведамлялася раней, Глеб прапанаваў згуляць за БАТЭ ў Лізе Еўропы. Футбаліст быў гатовы гуляць нават бясплатна: ён хацеў завяршыць сваю кар'еру матчам супраць "Арсенала" — клуба, дзе калісьці гуляў. 

"Першае, што хацелася б сказаць: гісторыя на самай справе была б прыгожая. Але, прымаючы рашэнні, мы ацэньваем не толькі піяр-моманты, якія для многіх сталі больш важныя, чым футбол, але і непасрэдна спартыўныя. Дзе б ты ні працаваў, з якімі б трэнерамі па фізпадрыхтоўцы ні займаўся індывідуальна, усё роўна неабходна трэніравацца з камандай і мець пэўную практыку падрыхтоўкі ў калектыве", — перадае прэс-служба БАТЭ словы Капскага.

Кіраўнік клуба кажа, што яго думка заўжды адыгрывала вырашальную ролю ў вяртанні Глеба ў БАТЭ. Пры гэтым пад улік заўсёды прымаліся прафесійныя адносіны: "Прымаючы тыя рашэнні, мы ні ў якай меры не выкарыстоўвалі нейкія патрыятычныя пачуцці Аляксандра". 

Сёлета Капскі, па яго словах, моцна выпадаў з "працэсаў, звязаных з клубам", таму палічыў некарэктным ціснуць на калег, каб узяць Аляксандра Глеба назад у БАТЭ. 

Пры гэтым ён зазначыў, што Глеб ніколі не гуляў за БАТЭ бясплатна: "Такога ніколі не было і не было б у гэты раз. Гэта была эмацыйная заява, але ў нас працуюць прафесіяналы. Дый Аляксандр са сваімі агентамі заўсёды падпісваў кантракт, выбіваючы максімальныя рынкавыя ўмовы".

Ён дадаў, што для БАТЭ было б непрымальна запрашаць футбаліста бясплатна, бо гэта прафесійны клуб, а не аматарскі.   

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі