Турэцкі футбольны клуб “Каньяспор” скасоўвае кантракт з беларусам Аляксандрам Глебам з 2 лютага. Гэтую інфармацыю пацвердзіла прэс-служба каманды. Чакаецца, што ўсе адпаведныя паперы будуць падпісаныя ў панядзелак, паведамляе Прессбол са спасылкай на замежныя СМІ.
Беларускі паўабаронца Аляксандр Глеб меў канфлікт з галоўным трэнерам Айкутам Каджаманам і таму перастаў трапляць у заяўку каманды. Паводле турэцкага спартовага парталу Fanatik, футбаліст спрабаваў выкупіць у клуба свой кантракт, але кіраўніцтва на гэта не пагадзілася.
Глеб далучыўся да “Каньяспора” ў пачатку 2014 года. Тады з ім заключылі кантракт на паўгода з магчымасцю яго падаўжэння яшчэ на год па ўзаемнай згодзе бакоў. У канцы траўня мінулага году кантракт працягнулі.
Аляксандр Глеб перайшоў у турэцкі клуб пасля таго, як паўтара года правёў у БАТЭ. Да гэтага ён гуляў за знакамітыя “Штутгарт”, лонданскі “Арсенал”, “Барселону” і “Крылы Саветаў”.