Канцэрт Nickelback у Мінску можа быць перанесены

Мінскі канцэрт Nickelback, які мусіў адбыцца 7 снежня на "Мінск-Арэне", адменены праз хваробу вакаліста гурта Чэда Кругера. Магчыма, ён будзе перанесены на іншую дату. 


Кругер нядаўна перанёс аперацыю на выдаленне кісты на гартані. Але дактары настойліва раяць музыку ўзяць паўзу на паўгода. У выніку мэнэджмэнт гурта прыняў рашэнне адмяніць еўрапейскі тур канадскіх рокераў.


У інтэрв’ю onliner.by дырэктар агенцтва “4А-Ивент”, якое займаецца арганізацыяй канцэрта Nickelback у Беларусі, Аляксандр Вобразаў паведаміў, што пра аперацыю было вядома даўно, аднак ніхто не думаў, што медыкі будуць рэкамендаваць Кругеру не спяваць. Адпаведна цяпер расійская кампанія "Глобальные коммуникации", якая ўласна і адказвае за прыезд канадцаў у Расію і Беларусь, вядзе перамовы аб пераносе снежаньскіх шоу на больш позні час. Як толькі расіяне дамовяцца, стане вядомая новая дата выступу Nickelback у "Мінск-Арэне". Калі ж не - пасля 4 верасня арганізатары пачнуць вяртаць грошы за квіткі.


Вобразаў кажа, што квіткі прадаваліся добра. За лета і без рэкламы было прададзена 1000 квіткоў. 


Нагадаем, калі атрымаецца, Nickelback прыедуць у Беларусь другі раз. Упершыню яны выступілі ў Мінску 31 кастрычніка 2012 года.

Фота: vmuzike.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі