Камісія на скандальным участку ў Брэсце змянілася амаль цалкам

Загадчыцу на загадчыцу
Загадчыцу на загадчыцу

На участку ў Брэсце, дзе летась спроба ўкіду бюлетэняў трапіла на відэа, выбарчая камісія змянілася амаль цалкам. А Таццяна Мосіна"серыйная старшыня камісіі", якая ўзначальвала ўчастак на выбарах у 2016, 2018 і 2019 гадах, — сёлета ў прынцыпе не значыцца ў спісах сяброў выбарчых камісій.

13 лістапада 2019 года назіральнік Юрый Вашчанчук з участка №37 у Брэсце зняў спробу ўкіду бюлетэняў. З таго часу прайшло восем месяцаў. Еўрарадыё высветліла, што ўсе антыгероі тых падзей захавалі свае рабочыя месцы. Педагог-псіхолаг Анастасія Кулічкова працуе ў вучэбна-педагагічным комплексе "Дзіцячы сад — пачатковая школа №1 г. Брэста", які знаходзіцца за 50 метраў ад выбарчага ўчастка. А старшыня ўчастковай выбарчай камісіі — Таццяна Аляксееўна Мосіна — засталася дырэктарам гэтага дзіцячага садка.

Хто ж сёлета будзе лічыць галасы на скандальным участку? З ранейшага складу камісіі застаўся толькі адзін чалавек — Юлія Леанідаўна Гапанюк, галоўны спецыяліст аддзела сацыяльнай абароны адміністрацыі Маскоўскага раёна Брэста. Акрамя яе, у камісію ўвайшлі Юрый Міхайлавіч Марчук — кіраўнік ЖЭС-11, дзе размяшчаецца ўчастак, і Аляксандра Мікалаеўна Цар, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Маскоўскага раёна Брэста. Яна на выбарах 2019 года працавала ў выбарчай камісіі на іншым брэсцкім участку. А старшынёй камісіі стала Марына Анатолеўна Калінка. Як і Таццяна Мосіна, яна загадвае дзіцячым садком. Але іншым — №81.

Неўзабаве Юрыя Вашчанчука пазбавілі акрэдытацыі назіральніка за "парушэнне выбарчага заканадаўства і перашкоду рабоце камісіі".

Якасны склад участковых выбарчых камісій у Брэсце не памяняўся. Партыі БНФ і БСДП, напрыклад, вылучылі 23 і 71 чалавека адпаведна. У выніку прадстаўнікі БНФ атрымалі 2 месцы, БСДП — 0 месцаў. У той жа час з 34 вылучаных Камуністычнай партыяй Беларусі месцы ва УВК атрымаў 31 чалавек, а з 90 ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — 85.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі