Калінкіна: Сітуацыя выходзіць за межы абсурду

У “Народнай волі” збіліся з ліку, колькі папярэджанняў ужо атрымала газета. Газета “Народная воля” збіраецца ў судзе абскардзіць чарговае папярэджанне ад Міністэрства інфармацыі. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміла намесніца галоўнага рэдактара выдання Святлана Калінкіна.

Калінкіна: “Мы вырашылі абавязкова звяртацца ў суд, каб абскарджваць гэтае папярэджанне. Сітуацыя выходзіць за межы абсурду, бо папярэджанне выносіцца ў цалкам бяскрыўдных сітуацыях. Нельга выключаць, што сёння вечарам ці заўтра зранку мы атрымаем ад міністэрства ліст аб прыпыненні выхаду газеты. Што цяпер мае на ўвазе міністр інфармацыі, нам не вядома”.

Нагадаем, папярэджанне “Народная воля” атрымала за вераснёўскі артыкул "Хто пачуе лозунг "Сыходзь!"? Міністэрства інфармацыі лічыць, што ў ім прагучалі заклікі ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі “Малады фронт”. Ніякіх заклікаў там не было, адзначыла Святлана Калінкіна.

Калінкіна: “Ніякіх заклікаў там няма. Ніякіх заяў “Маладога фронту” у гэтай публікацыі няма. Наш журналіст проста інфарматыўна распавёў пра кампанію і даў выказацца лідару моладзевай арганізацыі Змітру Дашкевічу”.

Па словах Калінкінай, у рэдакцыі не могуць нават падлічыць, колькі ўжо папярэджанняў мае газета.

Фота: Белсат