“Калі кажуць, што яблыкі беларускія, — хлусяць!”

У Беларусі гіперураджай яблыкаў! Такі наш адказ на абвінавачанне Расіі, маўляў перапрадаем забароненыя там польскія яблыкі. Дырэктар галоўнай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Леанід Пляшко расказвае БЕЛТА, што пачалі плоданосіць многія маладыя сады. Ды і прадаваць беларускія яблыкі выгадней на вясну.

Еўрарадыё пытаецца ў эксперта, на падставе якіх лічбаў выснова пра нечуваны ўраджай яблыкаў.

“Вы што, мяне правяраеце? — крыўдзіцца эксперт на просьбу прывесці лічбы па зборы ўраджаю яблыкаў у Беларусі. —  Я не ведаю лічбаў, але бачыў, што ў нас вельмі многа яблыкаў летась было”.

Дапамагае Белстат: за 2014 год сабралі 512,6 тыс. тон яблык. Гэта ў 1,6 разу болей, чым у 2013 годзе. Для даведкі: за 2014 год краіна экспартавала 311 тон яблыкаў у Казахстан, Расію і іншыя краіны.

Атрымліваецца, вырасцілі столькі, што хопіць і сабе, і людзям. А яшчэ імпартуем амаль столькі ж яблыкаў, колькі вырабляем. За 2014 год, да прыкладу, імпарт яблыкаў вырас у 2,2 разу — да 415 тысяч тон.

З якіх краін Беларусь прывозіць яблыкі? (дадзеныя за 2014 год)

Леанід Пляшко кажа, што ў Беларусі даўно вырошчваюць яблыкі, якія могуць ляжаць да красавіка. Галоўнае тэхналогія захавання і лёжкасць гатунку.

Калі ёсць такія гатункі, значыць, беларускія яблыкі ў крамах і на кірмашах дакладна ёсць.

“Гіпа”, “Карона” — беларускія яблыкі там ёсць. Даражэйшыя за польскія: беларускія прадаюць за 11-12 тысяч рублёў, а польскія — за 8000.

Але гэта буйныя гіпермаркеты. Адзін крок у бок дробнай крамы — і там толькі польскія яблыкі. Цана тая ж, што і на беларускія — 10-15 тысяч рублёў за кілаграм.

Кіруемся на Камароўку, там дакладна ёсць айчынныя яблыкі.

“Якія беларускія? Вы што — хіба яны даляжаць дагэтуль. Сакавік на двары! Якія беларускія яблыкі. Цяпер усе польскімі гандлююць!” — просьба паказаць мне беларускія яблыкі прадаўцам здаецца дзіўным.

Але яблыкі ўсё ж знаходзяцца. Аляксандр з Уздзенскага раёна прадае свойскія яблыкі па 9000 рублёў за кілаграм. На зіму хавае яблыкі ў падвале, кажа, што многа выкідае, бо псуюцца. Мінчукі яблыкі купляюць, хоць і не вельмі ахвотна, бо выглядаюць свойскія яблыкі непрэзентабельна.

Але я знаходжу на Камароўскім рынку беларускія яблыкі як з карцінкі — не адрозніць ад польскіх!

Вось яблыкі быццам бы з Гродна...

...і яблыкі з Малдовы

Калі пытаюся пра дакументы, прадаўцы прызнаюцца, што яблыкі ад суседзяў, кажуць, што проста не паспелі змяніць цэннікі.

“Вось гатунак “Беларуская Алеся” — як гэта могуць быць не беларускія яблыкі? Алеся ж! Яблыкі з Гродзенскай вобласці, калгас “Пагранічны”, — грудзьмі стаіць за свой тавар прадавачка Таццяна. Не паверыць такому чалавеку цяжка.

Тэлефаную ў гэтую самую гаспадарку — там кажуць, што свае 800 тон яблык, прыгожых і таварных, два тыдні як прадалі. А летась быў неўраджай праз замаразкі. Пра Камароўку там не ведаюць.

Звяртаюся ў адміністрацыю Камароўскага рынка з пытаннем, як адрозніць беларускія яблыкі ад небеларускіх.

“Ніяк. Нашыя яблыкі цяпер не вельмі прыгожыя, ды і прадаюць іх рэдка, адразу бачна, што беларускія. А калі прыгожыя і кажуць, што беларускія, значыць, маняць. Цяпер гэта немагчыма”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі