J:Морс рыхтуюць новую праграму

На днях гурт J:Морс завяршыў працу над новым кліпам на песню "Адлегласць", якая стала ключавой кампазіцыяй беларускамоўнага альбома гурта.
Музыканты называюць новы кліп непастановачным і маюць для гэтага падставу: асновай ролікаў сталіся аматарскія здымкі канцэртнага і закуліснага жыцця "морсаў" за апошнія 3 гады.

Лідэр гурта Уладзімір Пугач распавёў Еўрарадыё пра тое, што гурт працуе над зусім новай праграмай і што нават калі ў бліжэйшы час музыкі выпусцяць чарговы аўдыё-візуальны прадукт, ён будзе зняты на невядомую пакуль слухачам песню.

ЕРБ: Вы зрабілі кліп цалкам непастановачным, выкарыстоўваючы запісы канцэртаў каманды.  Звычайна прынята рабіць кліпы, кампілюючы канцэртныя здымкі і нейкі канкрэтны сюжэт...

Уладзімір Пугач: Я б паспрачаўся наконт слова "прынята" — нічога нікім не прынята. Я бачыў масу кліпаў, якія зроблены выключна з архіўнага відэа. Напрыклад, возьмем тую ж "Металіку"... Звычайнае хоўм-відэа, з якога яны зрабілі кліп... Мы проста здымалі на працягу апошніх трох гадоў для сябе тое, што адбывалася ў жыцці нашага гурта, і не мелі ніякага ўяўлення, куды гэта можа патрапіць. І нядаўна, праглядаючы старыя відэа, мы прыйшлі да высновы, што з гэтага можа атрымацца нешта цікавае. Таму вырашылі гэтыя здымкі прадставіць і змантаваць так, каб перадаць атмаферу нашых тураў. Ну і, вядома, здымкі дарогі, якія мы рабілі летам, у мяне, напрыклад, выклікаюць адчуванне вандроўкі...

ЕРБ: Калі вы выдавалі дыск "Адлегласць" разам з фільмам, вы тады казалі, што, хутчэй за ўсё, на галоўную песню будуць выкарыстаны кадры, якія ёсць у фільме ці якія не ўвайшлі ў фільм. А атрымалася, што вы вырашылі дадаць кадры з канцэртаў. Гэта нейкія змены канцэпцыі?

УП: Выраз аб тым, што мы будзем выкарыстоўваць кадры з фільма, зусім не азначае, што апроч іх мы нічога не будзем выкарыстоўваць. Сапраўды, аснова на той момант і нават зараз - нашыя летнія вандроўкі і здымкі аб'ектаў культуры і архітэктуры. Асабіста для мяне самае сакральнае - здымкі дарогі, таму што гэта такая філасофская катэгорыя. І так як атрымалася ў нас паказаць дарогу, шчыра кажучы, мне падабаецца. Я атрымоўваю задавальненне, калі гляджу на гэтую дарогу!

ЕРБ: А ці не збіраецеся вы здымаць кліпы на якія-небудзь іншыя песні з альбому? Што гэта будуць за песні, і, можа, ёсць ужо нейкая канцэпцыя?

УП: Літаральна зараз мы працуем над зусім новай праграмай, якую, дасць Бог, зробім бліжэй да восені! І калі будуць здымацца кліпы, а праца над імі ўжо ідзе, скажу па сакрэце, дык гэта будуць кліпы на песні з нашай новай праграмы...

Нагадаю, што зараз J:Морс паспяхова дае канцэрты па Беларусі ў рамках свайго трэцяга тура. У бліжэйшы час адбудуцца выступы гурта ў Лідзе (28.03), Гомелі (30.03) і Гродне (9.04).

Фота: www.mac.by