IQ48 працуе над забіяцкім альбомам

Гурт IQ48 пачаў працаваць над новым, трэцім па ліку, студыйным альбомам.  Як распавёў лідар і гітарыст калектыву Яўген Бузоўскі, ужо напісана амаль 90% матэрыялу, але над назвай дыска музыкі яшчэ не думалі.

Яўген Бузоўскі: "Ужо амаль усё сачынілі, недзе адсоткаў 90. Да канца года гэта ўсё даробім, сядзем у студыю, паслухаем і вырашым як гэта назваць".

На дыску будзе 10-12 песень, якія моцна адрозніваюцца ад таго, што IQ48 выдаваў раней.

Яўген Бузоўскі: "Будзе зусім іншае гучанне: гук стаў больш шчыльніым, матэрыял стаў больш драйвова рок-н-рольным. Мне падаецца, гэта зусім не падобна на ўсё тое, што было раней".

Але Яўген адразу дадаў, што пачуццё гумару гурта нікуды не падзелася і новы альбом, магчыма, увогуле застанецца без павольных кампазіцый.

Яўген Бузоўскі: "Неяк больш канцэнтравана стала – калі жартуем, дык жартуем – стала менш паўтаноў. Ну а тое, што падача пазітыўная, вясёлая ды забіяцкая – гэта факт. У нас пакуль павольных рэчаў не праглядаецца, магчыма, альбом і будзе такі бойкі ды забіяцкі".

Выдаць дыск музыкі плануюць бліжэй да вясны наступнага года, а пазней выкласці альбом і ў інтэрнэце.

Фота: generation.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі