INXS прысвячаюць дыск Майклу Хатчэнсу

Ветэраны новай хвалі INXS запісваюць новы студыйны альбом. З-за таго, што музыкі так і не здолелі знайсці вакаліста на замену Майклу Хатчэнсу, было вырашана прыцягнуць да працы над дыскам адразу некалькі вядомых выканаўцаў.  Улічваючы, што дыск плануецца як альбом-прысвячэнне Майклу Хатчэнсу, такая ідэя выглядае цалкам натуральна. Як паведамляецца, плытка будзе складацца з хітоў INXS.

Свой удзел у праекце ўжо пацвердзілі Роб Томас з Matchbox Twenty і Брэндан Флаўэрс з The Killers. Першы выканае “Never Tear Us Apart”, другі – “Beautiful Girl”.

Прадзюсуе альбом клавішнік аўстралійскага гурта Rogue Traders Джэймс Эш. Дата выхаду кружэлкі, як і іншыя дэталі праекту, будуць абвешчаны пазней.

Нагадаем, што INXS спынілі сваю дзейнасць у 1997-м годзе, пасля трагічнай смерці Майкла Хатчэнса. Праз некалькі год музыкі ўзялі вакаліста Джона Стывенса, які сышоў з каманды ўжо праз год, запісаўшы адзіную песню – “I Get Up”.

У 2004-м INXS узялі ўдзел у тэлевізійным праекце “Rock Star”, паводле вынікаў якога абзавяліся новым франтменам Джэй Дзі Форчунам. Ён прыняў удзел у запісе альбома “Switch” і правёў з камандай сусветнае турнэ, па завяршэнні якога быў звольнены з гурта.

Каментуючы сыход свайго калегі, барабаншчык Джон Фэрыс намякнуў публіцы, што INXS нібыта адмаўляюцца ад далейшых пошукаў вакаліста.

Фота: frost-family.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі