Інтэграцыя без "зялёных чалавечкаў": Лебядок — пра сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / kremlin.ru
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін / kremlin.ru

Вынікі перамоў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пацвердзілі здагадкі журналістаў "Коммерсантъ", якія яны публікавалі яшчэ зімой 2019 года.

"У тым артыкуле гаворка ішла, што да 2022 года Беларусь і Расія фактычна сфармуюць канфедэрацыю ў эканамічным полі. Гэта тады выклікала абурэнне Уладзіміра Макея. Хоць па факце мы яшчэ не бачылі праграм, але можна падазраваць, што да 2023–2024 года мы будзем сапраўды дэ-факта канфедэрацыяй", — лічыць эксперт Ягор Лебядок.

 

"Раніцай крэслы — увечары грошы"

Пакуль што гаворка не ідзе пра стварэнне адзінай валюты. Фармальна ад стварэння адзінага эмісійнага цэнтра ўтрымлівае Канстытуцыя Беларусі. У ёй прапісана: адзіным эмісійным цэнтрам можа быць толькі беларускі Нацбанк.

"Але гэтую норму Канстытуцыі можа змяніць парламент, не патрэбны нават рэферэндум. Да таго ж у 2002 годзе была распрацавана сумесная канцэпцыя Нацбанка Беларусі і Расіі аб пераходзе на адзіную валюту. У рамках гэтай канцэпцыі не трэба было нават змяняць Канстытуцыю. Там прапісана, што Нацбанк Беларусі і Нацбанк Расіі захоўваюць суверэнныя правы і захоўваюць за сабой адзіны эмісійны цэнтр. І 20 гадоў таму гэта пагадненне было ратыфікаванае, проста не выкананае. Гэта значыць, зрабіць гэты эмісійны цэнтр у рамках прававога поля можна нават без рэферэндуму", — тлумачыць Лебядок.

За час сустрэчы Лукашэнка і Пуцін узгаднілі праграмы, але пакуль яшчэ не падпісалі іх. Лебядок перакладае гэтыя словы на зразумелую мову: на яго думку, бакі ўзгаднілі дакладны графік дзеянняў. І калі бакі не будуць рухацца па гэтым графіку, то і крэдытных грошай Беларусі чакаць не варта, лічыць эксперт.

"Усё будзе рэалізавана па прынцыпе: раніцай крэслы — увечары грошы. Спярша вы выконваеце комплекс мерапрыемстваў, потым вам будзе дадзена нейкая сума на падтрыманне штаноў", — кажа Лебядок.

Уладзімір Пуцін падкрэсліў: пакуль пра палітычны складнік інтэграцыі гаворкі не ідзе. Ён падкрэсліў, што важна стварыць эканамічны базіс інтэграцыі, яе аснову. Лебядок лічыць, што тым самым Пуцін фактычна інтэлігентна растлумачыў, па якім шляху пойдзе інтэграцыя з Беларуссю — "без усялякіх там войнаў і зялёных чалавечкаў".

"Усякая эканамічная інтэграцыя прадугледжвае, што культура слабога аказваецца задушанай культурай моцнага. На жаль, людзі ў доўгатэрміновай перспектыве не разумеюць, як працуе прынцып "асёл і морква". Асёл думае, што ён сам выбраў гэты шлях, сам вырашыў ісці за морквай, за ежай, за дабрабытам. Асёл забывае толькі пра тое, што морквай кіруе іншы чалавек. Гэта прыклад доўгатэрміновай інтэграцыі", — рэзюмуе Лебядок.
 

"Хацелі павелічэння вайсковай прысутнасці — атрымалі"

Пад Гроднам і ў Баранавічах на баявое дзяжурства ўсталі расійскія комплексы С-400 і самалёты Су-30СМ. Лебядок нагадвае, як яшчэ нядаўна Лукашэнка казаў: размяшчаць расійскія самалёты на тэрыторыі Беларусі немэтазгодна.

"Даслоўна што мне сказаў Пуцін: я з табой абсалютна згодны, бо час падлёту з нашай найбліжэйшай базы да Бабруйска — тры хвіліны. Я кажу: дзякуй, што зразумеў. Але, калі вы хочаце размясціць на нашай тэрыторыі свае самалёты, заўтра я гатовы іх прымаць асабіста", — казаў Лукашэнка ў канцы 2019 года.

"І тут — та-дам — і расійскія самалёты заступаюць на баявое дзяжурства", — кажа Лебядок.

Мерапрыемствы праходзяць у рамках стварэння навучальна-баявога цэнтра сумеснай падрыхтоўкі ПКС РФ і войскаў ВПС і ППА Беларусі. Пакуль што гаворкі пра стварэнне вайсковай базы не ідзе.

"С-400 заступілі на баявое дзяжурства пад камандаваннем Расійскай Федэрацыі. Прававы статус іх незразумелы. Ёсць у нас пагадненне аб часовым знаходжанні расійскага стратэгічнага кантынгенту, але ці распаўсюджваецца яно на гэты выпадак? Незразумела. З'явілася незразумелае нешта", — кажа Лебядок.

Расіян лёгка ўпусціць і складана выпусціць, папярэджвае суразмоўнік Еўрарадыё.

"Ёсць дзве краіны на прасторы СНД, дзе расійскія базы былі згорнутыя: Узбекістан, які спачатку згарнуў амерыканскую базу, а потым расійскую, і Грузія".
 

Ці варта перажываць Украіне?

Адрозненне цяперашніх вучэнняў "Захад" ад папярэдніх у тым, што па сцэнары разглядаецца ў тым ліку пагроза з боку Украіны.

"Гаворка ідзе перш за ўсё, вядома, пра дыверсійныя сілы, дыверсійныя выведвальныя групы, таму адпрацоўваюцца пытанні хуткага фармавання тэрытарыяльнай абароны — гэта адпрацоўвалася яшчэ ў 2015 годзе. Але адкрываецца і кірунак для нанясення ракетных удараў з боку Украіны. Напрыклад, калі Украіна дасць магчымасць НАТА наносіць ракетныя ўдары з боку Чорнага мора. Гэты фактар улічваецца. Украіна ўжо не "не вораг", — кажа Лебядок.

Поўнае інтэрв'ю з Ягорам Лебядком глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі