Інструкцыя для песімістаў: 40 рэчаў, якія трэба ведаць пра пандэмію

Ілюстратыўнае фота / pexels.com
Ілюстратыўнае фота / pexels.com

Харвацкі пісьменнік і журналіст Віктар Іванчыч з уласцівым спецыфічнаму балканскаму духу аптымізмам паспрабаваў угледзецца ў будучыню і напісаў інструкцыю для песімістаў. Дзе расказаў пра 40 рэчаў, якія трэба ведаць пра пандэмію.

Іванчыч — заснавальнік і шматгадовы галоўны рэдактар сатырычнага харвацкага штотыднёвіка Feral Tribune, работа ў якім вылілася ў напісанне рэгулярнай калонкі "Нататнік Робі К.", у якой ён даваў сатырычныя каментары аб важных сацыяльных і палітычных падзеях, убачаных вачыма вучня пачатковай школы.

Мы заўважылі, што, калі замяніць у спісе некаторыя дэталі, уласцівыя Балканам, на ўсходнееўрапейскія рэаліі (у тым ліку беларускія), сэнс тэксту не зменіцца. Арыгінальны тэкст "40 stvari koje treba znati o pandemiji" быў апублікаваны на Tačno.net.

Пераклад з харвацкай Івана Жыгала і Ёваны Геаргіеўскі.

1. Некаторыя нават выжывуць.

2. Калі вас не будзе ў іх ліку, усё роўна прыемна ведаць, што жыццё на Зямлі мае перспектыву.

3. Тым не менш вам ад гэтага не будзе ніякай карысці.

4. Мінімізуйце ўсе сацыяльныя кантакты і паспрабуйце як мага менш бадзяцца сярод людзей, і калі вам не пашанцуе і вы памраце, то працягнеце ў тым жа духу.

5. Самае галоўнае — пастаянна думаць пра сваё здароўе і здароўе іншых, хоць няма ніякіх доказаў таго, што мысленне дапамагае.

6. Абавязкова мыйце рукі перад тым, як ісці мыць рукі.

7. Калі вы належыце да групы рызыкі — вам 60 гадоў і больш, і да таго ж маеце праблемы з сэрцам ці лёгкімі — дзейнічайце з асаблівай асцярожнасцю.

8. Асабліва асцярожныя паводзіны прадугледжваюць усведамленне таго, што вірус не робіць адрозненняў паміж асцярожнымі і неасцярожнымі.

9. Абавязкова мыйце рукі пасля таго, як вы вымылі рукі.

10. Калі вы апыняцеся на самаізаляцыі ў такіх краінах, як Харватыя, Сербія, Боснія і Герцагавіна, Славенія, Чарнагорыя і г. д., вы робіце ласку не толькі свайму фізічнаму, але і ментальнаму здароўю.

11. Ментальна здаровыя таксама схільныя да інфекцыйных захворванняў.

12. На выпадак, калі вы застаняцеся жывыя пасля таго, як пандэмія ў балканскіх краінах скончыцца, заставайцеся на самаізаляцыі, паколькі, акрамя стану здароўя, больш тут нічога не палепшыцца.

13. Вы павінны давяраць захадам, якія робяцца ўрадам краіны для абароны здароўя нацыі.

14. Калі вы не давяраеце захадам, якія робяцца ўрадам краіны для абароны здароўя нацыі, вы апыняцеся дакладна ў такой жа сітуацыі, як калі б вы безагаворачна давяралі ўладам.

15. Паколькі сітуацыя для вас дакладна такая ж, лепш не паддавацца скептыцызму, прыгнечанасці і бясплоднай крытыцы, а ўмацоўваць свой агульны стан тупым аптымізмам.

16. Аптымізм, аднак, не з'яўляецца лекамі ад хваробы.

17. Эканамічныя наступствы пандэміі будуць разбуральныя і катастрафічныя, але суцяшае, што вы можаце не дажыць да гэтага.

18. Калі вы верыце, што праз распаўсюджванне віруснай інфекцыі ні адзін волас не ўпадзе з вашай галавы, вы павінны ведаць, што COVID-19 не атакуе прычосак.

19. Не забудзьцеся вымыць рукі, перш чым ісці мыць ногі.

20. Калі вы захварэлі, не дазваляйце вашым сямейнікам набліжацца да вас, каб не заразіць іх.

21. З іншага боку, што толку адпраўляцца на той свет аднаму?

22. Хоць, можа быць, таго свету не існуе.

23. Калі вам давялося закашляцца, то рабіце гэта добрасумленна.

24. Калі вас прыводзіць у лютасць тая сладастраснасць, з якой Аляксандр Вучыч — фармальна з нагоды пандэміі — гаворыць пра надзвычайнае становішча, цвёрдую руку і "войска на вуліцы", не плюйце на яго і яго паплечнікаў.

25. Калі вы не заражаныя каранавірусам, тады плюйце.

26. Пры ўсіх вашых учынках, асабліва тых, што датычацца пакідання кватэры, паспрабуйце ацаніць рызыку, Разлічыце як плюсы, так і вірусы.

27. Надзея не мае даказанага з медыцынскага пункту гледжання эфекту.

28. Калі вы спадзеяцеся атрымаць па дзяржаўным тэлебачанні дакладную інфармацыю пра памеры заражэння, вялікія шанцы, што вы хворыя.

29. Абавязкова мыйце рукі пасля прамывання мазгоў.

30. Калі вам здаецца, што супрацоўнікі дзяржаўных структур не маюць ніякага ўяўлення пра вірусную чуму і нясуць лухту, майце на ўвазе, што гэта не сімптомы захворвання, а здаровы сэнс.

31. Здаровы сэнс, зноў-такі, не супярэчыць віруснаму захворванню.

32. Калі ўлады запэўніваюць вас, што "сітуацыя пад кантролем", нядрэнна мець на ўвазе, што "сітуацыя пад кантролем" пакутуе ад адсутнасці вакцыны.

33. Калі ў вас няма дастатковага запасу прадуктаў харчавання і сродкаў гігіены, гэта даволі дрэнна, але, можа быць, вас суцешыць думка, што ў выпадку кароткай і цяжкай хваробы гэтыя запасы вам не спатрэбяцца.

34. Калі каранцін нагадвае вам пра лагеры, вы маеце рацыю.

35. Калі ўся краіна нагадвае вам пра лагеры, вы маеце рацыю.

36. Калі надзвычайнае становішча, закрыццё межаў, жорсткае абмежаванне свабод і стратэгія ўрада, легітымнасць якога заснавана на калектыўным страху і псіхозе, нагадваюць вам пра фашызм, вы маеце рацыю.

37. Хто б мог падумаць, што фашызм выратуе чалавечыя жыцці?

38. І што, калі гэты аргумент пачнуць разглядаць сур'ёзна пасля таго, як небяспека міне, і — нягледзячы на тое, што пандэмія ўжо ў мінулым, — надзвычайнае становішча стане правілам?

39. Не шкодзіць думаць пра тое, наколькі ўся сітуацыя можа ўскладніцца, але няма гарантыі, што вы дачакаецеся адказу.

40. Можа і ёсць жыццё пасля смерці, але разумней лічыцца з адваротным варыянтам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі