Іх норавы: жаночыя грудзі без цэнзуры і вяртанне Грэты ў інфаполе

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава

Пакуль Ілан Маск знішчае змяняе Twitter, іншыя сацсеткі пераймаюць адтуль ягоныя фішкі. Пра гэта і не толькі ў традыцыйным аглядзе сусветных навінаў ад Еўрарадыё.  

Жаночыя грудзі без цэнзуры

Іх норавы: жаночыя грудзі без цэнзуры і вяртанне Грэты ў інфаполе

Назіральная рада кампаніі Meta адмяніла рашэнні сацсетак Instagram i Facebook аб выдаленні фатаграфій з аголенымі смочкамі і рэкамендавала перагледзець правілы, якія тычацца мадэрацыі такіх здымкаў.

“Абмежаванні і выключэнні з правілаў, якія тычацца жаночых смочак, шырокія і збіваюць з панталыку, асабліва ў тым, што тычыцца трансгендэрных і небінарных людзей”, — гаворыцца ў паведамленні назіральнай рады.

У адпаведнасці з правіламі Instagram i Facebook, у сацсетках абмяжоўваецца публікацыя аголеных фота. У выпадку з жаночымі грудзьмі асноўным крытэрам для мадэрацыі была бачнасць на здымку смочак: аголеныя фатаграфіі, дзе яны адрэтушаваныя, фільтр прапускаў. Пры гэтым аналагічнай забароны на мужчынскія смочкі ў сацсетках няма.

Мадэрацыя ў Instagram і Facebook часткова заснаваная на алгарытмах штучнага інтэлекту. Гэта прыводзіла да неспадзяванак: напрыклад, у 2016 годзе сацсетка заблакавала акаўнт, у якім выклалі фатаграфію святочнага торта, на якім алгарытмы выявілі “смочкі”. Здымак сацсетка палічыла “сексуалізаваным кантэнтам”.

Вучым хіндзі, а не кітайскую 

На канец 2022 года ў Індыі пражывала ўжо на 5 мільёнаў чалавек больш, чым у Кітаі, піша Bloomberg са спасылкай на дадзеныя World Population Review (WPR). Паводле ацэнкі WPR, насельніцтва Кітая на той момант складала 1,412 млрд чалавек, а Індыі — 1,417 млрд чалавек. Цяпер гэты паказчык вырас яшчэ больш. Да 18 студзеня, мяркуюць у WPR, у Індыі пражываюць ужо 1,423 млрд чалавек.

Нагадаем, напярэдадні стала вядома, што насельніцтва Кітая летась — упершыню за апошнія шэсць дзесяцігоддзяў — скарацілася. Жыхароў краіны ў мінулым годзе стала на 850 тысяч чалавек менш. Сем гадоў таму кітайскія ўлады адмовіліся ад палітыкі "адна сям'я — адно дзіця", і дазволілі парам мець спачатку двух, а потым і трох дзяцей.

ААН раней таксама прагназавала, што Індыя абгоніць Кітай і стане лідарам па колькасці насельніцтва ў свеце, але чакала, што гэта адбудзецца пазней. Зараз эксперты арганізацыі кажуць, што адрыў Індыі ад Кітая ў бліжэйшы гады будзе павялічвацца. І да 2050 года розніца можа скласці 300 млн чалавек.

Грэту носяць на руках

Іх норавы: жаночыя грудзі без цэнзуры і вяртанне Грэты ў інфаполе

Шведская эка-актывістка Грэта Тунберг і іншыя дэманстранты правялі некалькі гадзін у паліцыі пасля таго, як іх затрымалі падчас пратэсту супраць пашырэння вугальнага кар'ера на захадзе Германіі.

"Група маніфестантаў была вывезеная на аўтобусе з небяспечнай зоны, паколькі яны падышлі да краю шахты. У іх праверылі дакументы і адпусцілі", — сказаў мясцовы прадстаўнік паліцыі.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў выносілі Грэту на руках. Дзяўчына не праявіла супраціву. Дэманстрацыі побач з Лютцэратам праводзяцца з 11 студзеня.

Экаактывісты лічаць, што павелічэнне вугальнай шахты перашкодзіць краіне дасягнуць сваіх кліматычных мэтаў і выканання міжнародных абавязацельстваў.

Урад Германіі ў адказ заяўляе, што не адмаўляецца ад планаў цалкам спыніць да 2030 года вытворчасць і выкарыстанне бурага вугалю.

Коза ностра — усё?

Іх норавы: жаночыя грудзі без цэнзуры і вяртанне Грэты ў інфаполе

У Італіі арыштаваны мафіёзны верхавод Матэа Месіна Дэнара, якога называюць босам "Коза ностра". Ён хаваўся ад правасуддзя тры дзесяцігоддзі. Яго знайшлі ў прыватнай клініцы ў Палерма, дзе ён лячыўся ўжо больш за год. Супраціву Дэнара не аказаў. Паліцыя Сіцыліі вывезла 60-гадовага мафіёзі ў сакрэтны прытулак.

Дэнара яшчэ ў 1992 годзе завочна прыгаварылі да пажыццёвага зняволення за дачыненне да забойства дваіх пракурораў, якія расследавалі справы, звязаныя з арганізаванай злачыннасцю. Таксама ў віну яму закідаюць арганізацыю тэрактаў і выкраданне людзей, у тым ліку дзяцей.

Улады Італіі назвалі арышт Дэнара "вялікай перамогай". Ён быў апошні з траіх найбуйнейшых завадатараў, хто заставаўся на волі і паляванне за якім трывала дзесяцігоддзямі.

У той жа час шэраг італьянскіх экспертаў выказваюць сумневы ў тым, што Дэнара сапраўды ўзначальваў "Коза ностру": ён паходзіць з Трапані на захадзе Сіцыліі, у той час як босаў традыцыйна абіралі з Карлеонэ на поўдні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі