Іх норавы: журналісты за кратамі, юбілей у Пхеньяне і трыумф самавалодання

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У гэтым аглядзе некалькі дрэнных навін, адзін узор для пераймання з Аўстраліі і падарунак для бумераў.
 

Гэта рэкорд

"Рэпарцёры без межаў" падвялі вынікі года. На гэты момант у турмах свету знаходзіцца 488 журналістаў. Гэта рэкорд.

Ростам гэтай несуцяшальнай статыстыкі свет абавязаны росту колькасці затрыманняў сярод журналістаў у Кітаі, М'янме і — вы адгадалі — Беларусі.

Як журналісты перажылі гэты год

Добрыя навіны — журналістаў сталі радзей забіваць.

"Кавід стаў прычынай скарачэння рэпартажаў, скарачэння выездаў журналістаў і, такім чынам, часу, калі яны падпадаюць пад рызыку. Магчыма, гэта таксама вынік самацэнзуры, таго, што журналісты пазбягаюць наведвання небяспечных раёнаў. Таксама на гэта паўплываў той факт, што пэўная колькасць канфліктаў у Сірыі і на Блізкім Усходзе ў цэлым сталі менш смяротнымі, чым былі раней", — тлумачыць генеральны сакратар "Рэпарцёраў без межаў" Крыстафер Дэлуар.

У пяцёрку смяротна небяспечных краін для журналістаў увайшлі Мексіка, Афганістан, Емен, Індыя і Пакістан.

Завершым гэты расказ цытатай уладальніка Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыя Муратава:

"Я хачу, каб журналісты паміралі старымі".

 

10 гадоў таму Кім Чэн Ын прыйшоў да ўлады

Яму было ўсяго 27 гадоў, і мала хто верыў, што ён здолее кіраваць грамадствам, у якім цэніцца ўзрост і досвед. Многія тады прадказвалі ваенны пераварот або захоп улады элітамі.

Калі Кім Чэн Ір памёр, яго сын Кім пачаў з пакаранняў смерцю. Потым узяўся за знешнюю палітыку, правёў чатыры ядзерныя выпрабаванні і сотню пускаў балістычных ракет. Сусветныя СМІ сачылі за яго сустрэчай з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Але ўсё гэта дорага каштавала людзям. Цяпер Паўночная Карэя бяднейшая, чым калі ён прыйшоў да ўлады — тут сваю справу зрабіла і пандэмія. Да таго ж Паўночная Карэя стала яшчэ больш ізаляванай, чым была дзесяць гадоў таму, піша ВВС.
 

Калі вам бракавала веры ў людзей

Напярэдадні святаў свечачная фабрыка ў Кентукі працавала без выходных. У ноч смяротнага ўрагану там знаходзілася каля 110 чалавек — сярод іх і сямёра зняволеных.

Ім пашанцавала: на працу іх канваяваў супрацоўнік мясцовай папраўчай калоніі Роберт Дэніэл. Калі спрацавалі сірэны, якія папярэджвалі пра будучае бедства, ён вывеў сваіх падапечных у бяспечнае месца — і вярнуўся, каб знайсці тых, каму таксама магла спатрэбіцца дапамога.

Цела гэтага чалавека знайшлі сярод загінулых. Усе зняволеныя, за якіх ён адказваў, выратаваліся.
 

Уражальнае самавалоданне

Міністр аховы здароўя аднаго з аўстралійскіх штатаў Івэт Д'ат расказвала журналістам пра кавід, калі адзін з іх заўважыў — вой, а па вас поўзае вялікі павук! І не проста павук, а павук-паляўнічы памерам з далонь.

Міністр адрэагавала ўзорна:

— Акей, быць можа, хтосьці, калі ласка, мог бы прыбраць гэтага павука? — і пакуль неабыякавыя аўстралійцы спрабавалі дапамагчы разабрацца з павуком, яна працягвала: — Гэта дэманструе, як добра я магу сябе кантраляваць. Я не люблю "паляўнічых", але я збіраюся працягваць прыкідвацца, што ніякага паляўнічага на мне цяпер няма. Я дазволю каму-небудзь дапамагчы разабрацца з гэтым. Але калі вы заўважыце, што павук наблізіўся да майго твару, калі ласка, дайце знаць.

Не, лепш паглядзіце:

Уражальнае самавалоданне

Бумерам падрыхтавацца

Шмат гадоў таму аматарам серыяла "Як я сустрэў вашу маму" паабяцалі спін-оф — серыял "Як я сустрэла вашага тату". Цяпер афіцыйна: першыя серыі можна будзе ўбачыць ужо ў студзені 2022 года.

Спадзяёмся, гэта будзе — пачакай-пачакай — легендарна! А пакуль што паглядзіце трэйлер.

Першы трэйлер серыяла "Як я сустрэла вашага тату"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі