Вы тут

Іх норавы: настойлівыя фермеры, інтэрв'ю Болдуіна і апакаліпсіс-турызм

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Выжыць можна нават у самыя складаныя часы, даказваюць жыхары вострава Ла-Пальма. Вы забыліся, а там ужо не першы месяц вывяргаецца вулкан. А мясцовыя нават змаглі прыцягнуць туды турыстаў!
 

"Я б ніколі не наставіў ні на кога зброю"

Алек Болдуін даў першае вялікае інтэрв'ю пасля трагедыі на здымачнай пляцоўцы, у выніку якой загінула аператарка Галіна Хатчынс.

Актор заявіў, што не націскаў — і ніколі не націснуў бы — на спускавы кручок пісталета.

"Я б ніколі не наставіў ні на кога зброю і не націснуў на спускавы кручок, ніколі", — сказаў Болдуін у інтэрв'ю.

Анонс інтэрв'ю з акторам

Ён паняцця не мае, як патрон трапіў у рэвальвер: такога не павінна было здарыцца. Журналіст, які браў інтэрв'ю, назваў Болдуіна спустошаным, але вельмі шчырым і адкрытым.

Са зброяй, якую выдалі Болдуіну, ужо ўзнікалі праблемы на здымачнай пляцоўцы. Раней яна давала асечку, а адзін раз міжвольна спрацавала ў руках чалавека.
 

Індыйскія фермеры дамагліся свайго

У Індыі пасля года пратэстаў адмянілі скандальныя законы для фермераў.

Летась улады вырашылі правесці рынкавую рэформу. Калі коратка, то дазволілі фермерам прадаваць сваю прадукцыю ў любым штаце Індыі, буйным кампаніям дазволілі працаваць з фермерамі наўпрост, абыходзячы перакупшчыкаў, а дзяржаўнае рэгуляванне сельгасрынку моцна аслабілі.

Чаму гэтыя прагрэсіўныя рэформы сустрэлі такую незадаволенасць? Фермеры хацелі пераменаў, але іншых, пісаў ТАСС.

Фермеры звычайна прадаюць сваю прадукцыю на рынках, дзе ім забяспечваецца мінімальная падтрымальная цана, каб унікнуць катастрофы неўраджаю ў выпадку засухі або паводкі. Людзі хацелі, каб гэтая мінімальная дзяржаўная закупачная цана вырасла. Фермеры таксама патрабавалі адмены ўмоў крэдытавання, а яшчэ дзяржаўныя пенсіі для сялян, старэйшых за 60 гадоў.

Пратэсты фермераў / Time magazine

А рэформы аказаліся пра іншае. І фермеры ўпэўненыя, што яны прывялі б да таго, што буйныя карпарацыі проста сталі б іх эксплуатаваць.

Пратэстуючы супраць законаў, сяляне нават хадзілі маршам на Дэлі. Паліцыя перакрывала для іх дарогі, не давала падысці да горада, і фермеры разбівалі лагер ля мяжы сталічнай акругі, але не адступалі. Вадамёты, слезацечны газ — усё гэта было, і ў выніку ўлады сказалі: усё, адмяняем усе тры непапулярныя законы.
 

Толькі Санта дапаможа

Джо Байдэн сказаў, што своечасова даставіць усе падарункі да Калядаў зможа толькі Санта Клаўс. У ЗША цяпер сур'ёзная праблема з функцыянаваннем ланцужкоў паставак некаторых тавараў. Адна з прычын — санітарныя абмежаванні, уведзеныя праз пандэмію, праз якія, напрыклад, у партах павольней разгружаюць судны.

Пакуль што да святочнага сезона краіна падыходзіць не ў вельмі добрай форме. Але адміністрацыя Байдэна спрабуе вырашыць праблему. Часам палітык павінен стаць эльфам Санты.
 

Апакаліпсіс-турызм

Востраў Ла-Пальма разрываецца паміж нягодамі і турызмам, піша DW. Пакуль адны ўцякаюць з вострава, на якім вывяргаецца вулкан, іншыя ляцяць проста туды.

Маленькі востраў жыў у асноўным за кошт турызму. Цяпер з класічным турызмам праблемы: часам вулканічны попел прылятае проста да блакітных басейнаў. Дзве тысячы дамоў і прадпрыемстваў разбураныя.

Так што людзі спрабуюць выжываць як могуць і зазываюць гасцей на апакаліпсіс-турызм. Ахвотных паглядзець на тое, як ліецца лава, досыць.

Праўда, часам даводзіцца насіць процівагаз — калі з вулкана сыплецца занадта шмат попелу. Але турыстаў гэтым не запалохаеш: яны бяруць з сабой віно, тэлефоны і адпраўляюцца глядзець на інфернальнае відовішча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.