Ідэолаг, прадзюсар, сістэмны хэйтар: чым увайшоў у гісторыю Уладзімір Замяталін

Ідэолаг, прадзюсар, сістэмны хэйтар: чым увайшоў у гісторыю Уладзімір Замяталін

7 ліпеня ва ўзросце 71 года памёр Уладзімір Замяталін. Апошнім часам ён быў на пенсіі — і не свяціўся ў навінах, калі не ўлічваць выпадковы скандал у краме. Але ў 1990-я Замяталін быў адным з самых уплывовых беларускіх чыноўнікаў — ідэолагам Аляксандра Лукашэнкі. Шмат у чым менавіта ён вызначыў, у якой краіне мы жывём зараз.

Еўрарадыё сабрала асноўныя факты з палітычнай біяграфіі Уладзіміра Замяталіна.

1. Нарадзіўся 14 траўня 1948 года ў расійскім горадзе Тула. Першапачаткова звязаў кар’еру з савецкім войскам, дзе быў палітруком. У Беларусь трапіў у канцы 1980-х, а з 1992 да 1994 года узначальваў прэс-цэнтр Міністэрства абароны.

2. У вялікую беларускую палітыку прыйшоў падчас выбарчай кампаніі 1994 года, у якой удзельнічаў на баку тагачаснага прэм’ер-міністра Беларусі Вячаслава Кебіча. Канкурэнты абвінавачваюць яго ў капанні ў бруднай бялізне — арганізацыі і публікацыі паклёпніцкіх матэрыялаў на іх.

3. Як прэс-сакратар Кебіча Замяталін ціснуў на незалежныя СМІ. Пры ім было спынена выданне газет “Навіны БНФ” і “Выбар”, дзяржаўным медыя было забаронена карыстацца інфармацыяй агенцтва “БелаПАН”, а Беларускі дом друку адмовіўся друкаваць газету “Свабода”. Па “Свабодзе” Замяталін зрабіў асабістую заяву: маўляў, газета “стварае ўмовы для грамадзянскага супрацьстаяння”, займае “тэндэнцыйную і неаб’ектыўную пазіцыю”, таму ўрад лічыць неабходным “перагледзець адносіны з гэтым выданнем у інтарэсах умацавання стабільнасці ў дзяржаве”.

Ідэолаг, прадзюсар, сістэмны хэйтар: чым увайшоў у гісторыю Уладзімір Замяталін
Уладзімір Замяталін і Вячаслаў Кебіч, tut.by

4. Пасля паражэння Вячаслава Кебіча на выбарах Замяталін быў адпраўлены ў кадравы рэзерв. Вярнуцца на дзяржаўную службу дапамагла адстаўка Аляксандра Фядуты з пасады начальніка ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта. На яго месца і ўзялі Замяталіна. З гэтага часу за ім замацавалася слава галоўнага ідэолага Лукашэнкі.

5. Замяталін быў галоўным рухавіком рэферэндуму 1995 года, калі быў ухвалены курс на інтэграцыю з Расіяй, рускай мове быў нададзены статус другой дзяржаўнай, бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня” ў якасці афіцыйнай дзяржаўнай сімволікі былі замененыя на сцяг і герб па савецкім узоры, а Лукашэнка атрымаў права датэрмінова распускаць парламент.

6. 11 красавіка 1995 года 19 дэпутатаў ад партыі БНФ абвясцілі галадоўку супраць абвешчанага Аляксандрам Лукашэнкам рэферэндуму. Галадоўка праходзіла непасрэдна у Авальнай зале Вярхоўнага Савета. Увечары там з’явіліся начальнік упраўлення прэзідэнцкай аховы Міхаіл Цесавец і начальнік службы аховы Вячаслаў Каралёў, якія заявілі: паступіў званок, што будынак замініраваны, усім тэрмінова пакінуць залу. Дэпутаты выходзіць адмовіліся, і тады іх вывелі з будынка з прымяненнем сілы. Па словах дэпутата ВС ХІІ склікання Сяргея Навумчыка, “ананімным мінёрам” быў менавіта Уладзімір Замяталін.

7. У сярэдзіне 2000-х Замяталін сыйшоў з вялікай палітыкі. Ён стаў кіраўніком кінастудыі “Беларусьфільм”. Ён пазначаны прадзюсарам у некалькіх беларуска-расійскіх праектах на вайсковую тэматыку: “Брэсцкая крэпасць”, “У чэрвені 41-га”, “Снайпер: зброя адплаты”. У Замяталіна нават ёсць профіль на IMDB.

8. Працуючы на “Беларусьфільме”, Замяталін выказаўся наконт беларускай мовы: “Беларуская мова ніколі не павінна займаць больш за 10 % — ні ў кіно, ні ў якой іншай сферы”.

9. Пасля выхаду на пенсію працягваў хэйціць беларускую мову, як мог. Летась амаль 70-гадовы Замяталін увязаўся ў перапалку з прадавачкай на адмысловай касе “Еўраопта”, дзе да кліентаў звяртаюцца выключна па-беларуску. “Ды не хачу я размаўляць на вашай дзяўбанай мове. Канстытуцыю пачытайце і адказвайце мне па-руску!” — абураўся ён.

Ідэолаг, прадзюсар, сістэмны хэйтар: чым увайшоў у гісторыю Уладзімір Замяталін
Уладзімір Замяталін ля беларускамоўнай касы ў краме

10. “Вучыць беларускую мову ў 70 гадоў я не збіраюся”, заявіў пасля канфлікту журналісту “Нашай нівы” колішні галоўны ідэолаг Беларусі. Замяталін нават не захацеў называць першую дзяржаўную мову Беларусі беларускай, бліжэй яму аказалася слова “стараруская”: “Мова, якую называюць беларускай, з’явілася раней, чым насельніцтва ВКЛ сталі называць беларусамі”, — сказаў Замяталін. Гэта былі, бадай што, апошнія яго словы ў публічнай прасторы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі