Хлопец парэзаў сабе вены на ганку Гомельскага аблвыканкама

t.me / nexta.tv

Раніцай 7 чэрвеня на ганку Гомельскага аблвыканкама малады чалавек парэзаў сабе вены. Інфармацыю пра гэта Еўрарадыё пацвердзілі ў галоўным упраўленні аховы здароўя ведамства.

 

У "хуткай" Еўрарадыё паведамілі, што інфармацыю пра стан здароўя пацыентаў не выдаюць.

Пазней прэс-сакратар Гомельскага аблвыканкама Вольга Рабікава расказала TUT.by: "Дзяжурныя аблвыканкама заўважылі ў маніторы камер відэаназірання, што на ганку чалавек, які паводзіць сябе неадэкватна. Выйшлі аказаць дапамогу — і ўбачылі кроў. Выклікалі "хуткую" і міліцыю. Мужчына спрабаваў аказаць супраціўленне, візуальна ён быў ці то ў алкагольным, ці то ў наркатычным ап'яненні. Яго павезлі ў бальніцу".

Па словах афіцыйнага прадстаўніка УУС Гомельскага аблвыканкама Юрыя Пількевіча, праваахоўнікі, якія прыбылі на месца здарэння, выявілі мужчыну з траўмамі абедзвюх рук. Яго змясцілі ў аўтамабіль хуткай дапамогі і шпіталізавалі з папярэднім дыягназам "рэзаныя раны абодвух перадплеччаў".

"Міліцыя ўстанавіла асобу грамадзяніна. Ім аказаўся 34-гадовы жыхар Гомельскага раёна. Раней ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, а таксама быў судзімы за махлярства, крадзеж і незаконны абарот наркотыкаў. Стаяў на ўліку ў нарколага. Ураджэнец Гомельскага раёна вызваліўся з месцаў пазбаўлення волі ў красавіку гэтага года, дзе адбываў пакаранне па наркатычным артыкуле. Таксама па рашэнні суда яму было прызначана прымусовае лячэнне ад алкагалізму і наркаманіі", — цытуе чыноўніка gp.by.