Хлопца, які кідаў кветкі ў АМАП, асудзілі на чатыры гады

Хлопца, які кідаў кветкі ў АМАП, асудзілі на чатыры гады

29-гадовы Аляксандр Нурдзінаў за ўдзел у акцыях пратэсту 9 і 10 жніўня асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Такі прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёна Мінска Таццяна Шоцік, піша TUT.by.

У абвінавачанні дзеянні Нурдзінава апісваюцца так: "Зрываў расліннасць з кветнікаў і кідаў яе ў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў". 

Таксама Нурдзінава вінавацілі ў тым, што 9 жніўня ён з іншымі невядомымі блакаваў дарогу, калі выйшаў на праезную частку праспекта Пераможцаў у Мінску. Праз гэта, маўляў, была парушаная праца гарадскога пасажырскага транспарту. 

Па падзеях 10 жніўня яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках у раёне ўніверсама "Рыга". Там ён, па звестках абвінавачання, кідаў прадметы ў бок міліцыянтаў і ўзводзіў барыкады на праезнай частцы, а таксама аказаў супраціў прадстаўнікам улады.

На судзе будаўніцтва барыкадаў даказанае не было. Кіданне прадметаў Нурдзінаў таксама адмаўляў — сказаў, што замахваўся пустой рукой, робячы выгляд, што нешта кідае. Сваю віну мінчук не прызнаў

Да справы быў далучаны пазоў пракуратуры аб спагнанні маёмаснай шкоды на карысць "Мінсктранса" за блакаванне працы грамадскага транспарту — 27 тысяч 958 рублёў 50 капеек. Гэты пазоў было вырашана перадаць на разгляд у грамадзянскі суд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі