Гурт з Фарэрскіх выспаў адыграў 24 канцэрты за 24 гадзіны

Рок-гурт Boys in a Band з Фарэрскіх выспаў адзначыў выхад свайго дэбютнага альбома "Black Diamond Train", адыграўшы 24 канцэрты за 24 гадзіны. Паводле паведамлення New Musical Express, першы канцэрт калектыў даў у адной з музычных крамаў Торсхаўна, сталіцы Фарэрскіх выспаў.

Кароткі акустычны выступ адбыўся ў мінулую пятніцу, 18 ліпеня, у 19:00 па мясцовым часе. Праз 24 гадзіны гурт скончыў канцэртны марафон выступам на найбуйнейшым мясцовым музычным фэсце G! Festival.

Апроч гэтага, Boys in a Band адыгралі ў некалькіх клубах у розных частках выспаў, на страсе грамадскага туалета, на прыродзе каля вадаспаду і нават у пячоры. Да месцаў сваіх выступаў музыкі дабіраліся на верталёце, лодках і аўтобусе.

Паміж канцэртамі Boys in a Band нават паспелі трохі адпачыць, таму фінальны выступ на фэсце, нягледзячы на недахоп сну, атрымаўся цалкам паспяховым.

Як заявіў NME лідэр калектыва Петур Зачарыасан, першапачаткова ідэя даць 24 канцэрты за 24 гадзіны з'явілася як жарт, але нехта з музыкаў зп'яну ўспрыняў яе занадта сур'ёзна.

Зараз гурт спадзяецца, што здолеў сваім марафонам усталяваць рэкорд для кнігі Гінэса.

Фота: www.bryggen.dk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі