Гурт Markuts band запісвае дэбютны “light and hard” альбом

Пасля распада гурта NEO, музыка стварыў уласны праект, запісаў альбом інструментальнай музыкі і стаў аўтарам музыкі да праекта “Дзікае паляванне”, які быў запіcаны з сімфанічным аркестрам.

Цяпер Андрэй Маркуц шчыльна працуе над рэпертуарам свайго праекта Markuts band. Матэрыял дэбютнага логнплэя Markuts band акрэсліваюць як “рок-музыку з яскрава выяўленнай мелодыяй”. Тэкставай нагрузкі будзе не многа, як прызнаецца сам Андрэй, лірыка для яго заўжды была на другім месцы.

Акрамя рок-твораў, у рэпертуары музыкі ёсць некалькі хардкор-кампазіцый і вязкі “цяжаляк”.

“Але і слёзатачывыя балады ёсць, і некалькі “фарматных” радыйных кампазіцый, — дадае Андрэй. — Пасля чарговай прыдуманай кампазіцыі наступную хочацца рабіць зусім іншай. Карацей, атрымаецца “light and hard” альбом”.

Плануецца, што пласцінка атрымае назву “Культ личности”. Да гэтай ідэі музыку падштурхнуў выступ аднаго з чыноўнікаў, які вельмі не спадабаўся Андрэю. Пасля яго выступу музыка нават намаляваў такі партрэт: чалавечае цела з галавой напалову чорта, напалову кракадзіла.

“Пад гэтым малюнкам мне захацелася напісаць “Культ личности”. У наш час, мне падаецца, асоба — крыху размытае паняцце. Паняцце “свабода асобы” увогуле амаль адсутнічае. І менавіта ў гэтым сэнсе мне хацелася сказаць пра культ асобы”.

Цяпер гурт працуе над сінглам “Гарантировано”, які і будзе анансаваць будучы альбом. Міньён будзе аздоблены кліпам, праца над якім ужо скончаная.

Акрамя гэтага ў планах музыкаў даць шэраг канцэртаў “па самых маленькіх пляцоўках сталіцы” — ад Графіці да TNT. Больш падрабязнасцяў — неўзабаве ў вялікім інтэрв’ю з Markuts band на Еўрарадыё! А пакуль сачыце за афішай!

Фота: Вконтакте.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі