Гурт Hasta La Fillsta прэзентаваў новы альбом у Інтэрнэце

Адноўлены гурт Hasta La Fillsta прэзентаваў у інтэрнэце свой новы альбом "№1 ЕР".
Ён складаецца з 7 кампазіцый, на якіх у ролі вакалістаў выступаюць Аляксандр Памідораў (PomidorOff), Аляксандр Ракавец (IQ48), Маша Яр (Hoha Band), Вольга Самусік (Tarpach) і Руся (Akana NHS). Паводле слоў бубнача і ідэйнага натхняльніка ўз'яднання калектыву Змітра Харытановіча, у бліжэйшы час выдаваць альбомы на фізічным носьбіце не плануецца.

Зміцер Харытановіч: "Мы зараз працуем паводле такой схемы: запісваем песні, дорым іх людзям і працуем над новымі песнямі, якія выдадзім крыху пазней такім жа рэлізам. А магчыма, калі мы пажадаем выдаць дыск, мы аформім песні з першага рэлізу, другога трэцяга... Але пакуль пра дыск, як фізічны носьбіт, размовы не вядзецца".

Паводле Змітра, у музычным сэнсе за 10 год маўчання ў Hasta La Fillsta амаль нічога не змянілася, адзінае - музыкі сталі больш дарослымі.

Зміцер Харытановіч: "Мы пасталелі, у нас з'явіліся новыя бачанні стылістыкі грання, умення грання, але ў прынцыпе мы робім тое ж, што рабілі раней. Мы так жа шчыра да гэтага ставімся і робім дыхтоўную, добрую, якасную альтэрнатыўную музыку".

Што ж тычыцца запрошаных вакалістаў, то гэтую практыку гурт плануе працягнуць і пакуль не ведае ці з'явіцца калі-небудзь пастаянны франтмэн.

Зміцер Харытановіч: "Мы не вызначыліся, хто стане чацвёртым удзельнікам калектыву, але нават калі гэта адбудзецца, мы ўсё роўна будзем працаваць з запрошанымі вакалістамі, бо нам вельмі спадабалася гэтая ідэя. Яны па-рознаму адчуваюць адну і тую ж песню, і ў выніку атрымліваецца вельмі ўдала. Ды ўвогуле мы б жадалі ахапіць як можна большую колькасць людзей, умоўна кажучы нават з вуліцы".

Цікава, што прыкладна ў адзін час ідэя працаваць з запрошанымі вакалістамі прыйшла і да гурта "У нескладовае", але Змітра гэта не засмучае і ён не бачыць у гэтым праблемы.

Зміцер Харытановіч: "Нядаўна са здзіўленнем даведаўся, што ў іх такая ж схема, і тут ужо не важна, хто гэта першы прыдумаў. Ну, няхай мы будзем не адны такія. Я не думаю, што мы будзем неяк спрачацца ці перакрыжоўвацца, наша музыка абсалютна розная, як і кола прыхільнікаў".

Варта адзначыць, што матэрыял для альбома пісалі ўсе, нават запрошаныя ўдзельнікі гурта, і ўжо цяпер вядзецца праца над другім рэлізам.

Зміцер Харытановіч: "Музыку пішам мы ўтраіх, а тэксты... У рэлізе, які мы выдалі, да прыкладу, дзве песні на вершы Францішка Багушэвіча, адну песню мы знайшлі ў выдатнай паэткі Яўгеніі Янішчыц, а астатнія песні людзі прыдумлялі самі. То бок матэрыялу вельмі шмат і, калі ўсё добра пойдзе, то магчыма наступны альбом запішам яшчэ сёлета".

А вось з канцэртнай прэзентацыяй "№1 ЕР" ў Hasta La Fillsta пакуль нічога не атрымліваецца, бо ўсе музыкі занятыя ў розных іншых гуртах і проста не маюць часу на дакладную падрыхтоўку. Але ў наступным годзе, паабяцаў Зміцер, альбом будзе прэзентаваны, прычым удзельнічаць будуць усе музыкі і нават тыя, каго на той час прыцягнуць да адноўленага гурта.

Спампаваць альбом можна на афіцыйным сайце калектыву

Фото by Tarantino






















Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі