Гурт Botanic Project рыхтуецца да запісу "жывога" альбома

Удзельнікі маладзечанскага рэгі-гурта, якія пачыналі сваю дзейнасць пад акампанімент дыджэя, "дараслі" да запісу альбома з прафесійнымі музыкамі.  Паводле словаў аднаго з вакалістаў калектыву, Кліма, зараз ужо гатова каля дзесяці кампазіцый, але, калі дакладна пачнецца запіс і, тым больш, калі выйдзе новы альбом, сказаць складана.

Клім: "Мы працуем над новым матэрыялам. Зараз мы падзялілі абавязкі, я больш працую над тэкстамі ды мелодыяй, а Кеша (другі вакаліст - Еўрарадыё) займаецца аранжыроўкай. Мы хочам духавую пачку, каб гэта было фірмова, пачку бэк-вакалу. То бок прымаць удзел у запісе будзе чалавек 15 толькі музыкаў. Проста трэба запісаць "дэмкі", развучыць з музыкамі і можна пачынаць запіс".

Клім дадаў, што не выключае магчымасці з'яўлення на новым дыску старых песень. Гэта будуць тэмы, з якімі было б цікава паэксперыментаваць, паспрабаваць зрабіць іх фанкавымі, ці джаз-рокавымі, напрыклад, "Птицы" ці "Эфиопия". Дададзім, што зараз хлопцы ўжо знайшлі студыю і чалавека, які пагадзіўся звесці і змайстраваць матэрыял. Таксама яны атрымалі згоду ад вядомага піяніста Канстанціна Гарачага, трубача Пятра Марцінкевіча ("Леприконсы") і гітарыста Аляксандра Грыгор'ева (Symphonic Drive Orchestra), якія апошнім часам граюць з Botanic Project на жывых канцэртах.

Фота: another.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі