Грузы, якія не прапусціць Беларусь, Літва збіраецца вазіць праз Польшчу і Латвію

Грузы, якія не прапусціць Беларусь, Літва збіраецца вазіць праз Польшчу і Латвію, піша Delfi. У сераду стала вядома, што ўлады Беларусі з 7 лютага ўводзяць забарону на транзіт па чыгунцы з Літвы нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў, пагружаных на літоўскіх станцыях. Гэта адказ на спыненне Літвой з 1 лютага транзіту беларускіх калійных угнаенняў.

Як паведамляюць "Літоўскія чыгункі", з улікам пустых вагонаў з-пад калійных угнаенняў, якія вяртаюцца ў Беларусь, у сярэднім з Літвы ў нашу краіну праходзіць 18 цягнікоў за дзень. У лютым 30% іх складаюць цягнікі, загружаныя на літоўскіх станцыях. У асноўным яны перавозяць грузы ў Беларусь, Расію і Украіну — нафтапрадукты, угнаенні і чорныя металы.

Прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі марскіх пагрузачных кампаній Вайдатас Шылейка кажа, што некаторыя літоўскія вытворцы ўжо адрэагавалі на пагрозы Мінска і пачалі вывучаць новыя маршруты — фурамі ці чыгункай праз Польшчу і Латвію, у абыход Беларусі (польскі варыянт ужо выпрабоўвалі, а наконт латвійскага існуюць засцярогі пра прапускную здольнасць чыгункі). Калі ж высветліцца, што транзіт аўтатранспартам нафтапрадуктаў, хімічных і мінеральных угнаенняў з Літвы праз Беларусь не забаронены, то выкарыстаюць і гэты варыянт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.