Вы тут

"Глупства" — Пазняк пра прапанову прыехаць у Мінск на перамовы з Лукашэнкам

Зянон Пазняк / Еўрарадыё

Зянон Пазняк назваў "глупствам" ідэю пра свой удзел у дыялогу з цяперашнімі беларускімі ўладамі. "Народная воля" папрасіла палітыка пракаментаваць ідэю эканаміста Яраслава Раманчука.

На думку Раманчука, санкцыі вядуць да страты незалежнасці краіны, патрэбны дыялог. І Пазняк з улікам ягонага аўтарытэту і патэнцыялу мог бы прыехаць у Мінск і паспрабаваць, "калі можна так сказаць, з чыстага ліста размаўляць з беларускімі ўладамі".

"Прыехаць у Беларусь?! Не кажыце глупстваў! І Раманчук сказаў глупства. У якую краіну і да якой улады вы запрашаеце мяне прыехаць?" — адрэагаваў на прапанову Зянон Пазняк. Ён нагадаў, што  "для гэтага рэжыму не існуе ніякіх аўтарытэтаў, ніякіх маральных і палітычных каштоўнасцяў. Таму не мае сэнсу пра гэта гаварыць".

Між тым ён пагадзіўся з Раманчуком, што санкцыі, якія цяпер уводзяць ЕС і ЗША, нясуць шкоду краіне. Яны не прывядуць да падзення рэжыму, а толькі ўзмоцняць залежнасць ад Расіі.

"Я ўпэўнены, што санкцыі — гэта антыбеларуская стратэгія, якую Масква праводзіць сумесна з Заходняй Еўропай, таму што Захад прасякнуты расійскай агентурай. Гэта ўсе ведаюць, хто займаецца палітыкай. Купляюць аўстрыйскіх палітыкаў, французскіх, нямецкіх", — сказаў Пазняк.

Апошнім часам прадстаўнікі беларускага рэжыму пачалі вельмі кампліментарна адклікацца пра Зянона Пазняка. Прычынай стала яго пазіцыя адносна санкцый супраць Беларусі. У прыватнасці, Пазняка цытаваў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей. Назваў яго "сапраўдным апазіцыянерам" і заявіў, што абсалютна з ім згодны, калі той кажа пра санкцыі як пагрозу для суверэнітэту краіны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.