Гісторыкам А.Смаленчуку і А.Краўцэвічу папомсціліся за абарону Гродна

10 красавіка ў Гродзенскім універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе канферэнцыя, прысвечаная 880-годдзю Гродна (якое, дарэчы, было ў мінулым годзе). Паколькі канферэнцыя фінансуецца гарвыканкамам, то складанне яе праграмы таксама праводзілася пад кантролем гарадскіх чыноўнікаў. Першапачаткова з праграмы была выкінута большая частка пленарнага паседжання — тая, дзе пасля афіцыйных віншаванняў, ішлі навуковыя даклады. Пасля пад уціскам гарвыканкама з праграмы канферэнцыі наогул былі выкінуты імёны беларускіх даследчыкаў, якія найбольш актыўна праявілі сябе ў справе абароны гістарычнага цэнтра Гродна: доктара гістарычных навук, былога прарэктара ГрДзУ Алеся Краўцэвіча (археолага, аўтара манаграфіі аб стварэнні ВКЛ, складальніка мапы археалагічнай ахоўнай зоны Гродна) і доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука, аднаго з ініцыятараў спробы правесці гарадскі рэферэндум у справе пабудовы чацвёртага моста. Затое ганаровы даклад на канферэнцыі будзе чытаць адзін з галоўных “рэканструктараў” горада галоўны архітэктар горада Ул.Анісімаў.

Асноўная частка беларускамоўных гродзенскіх гісторыкаў, сярод якіх вядомыя гісторыкі і археолагі Андрэй Вашкевіч і Андрэй Чарнякевіч, Генадзь Семянчук і Сяргей Токць на сённяшні дзень ставяць свой удзел у гэтай канферэнцыі пад сумневам і прапануюць астатнім удзельнікам таксама байкатаваць яе.

Сяргей Апановіч, Еўрарадыё, Гродна