Гіркін паведаміў з СІЗА, што збіраецца балатавацца на пасаду прэзідэнта РФ

Ігар Гіркін (Стралкоў) / Reuters

Ігар Гіркін (Стралкоў) / Reuters

Палкоўнік ФСБ у адстаўцы Ігар Гіркін (Стралкоў), які знаходзіцца ў СІЗА "Лефортава" ў Маскве, паведаміў праз адваката, што збіраецца балатавацца на пасаду прэзідэнта РФ у 2024 годзе. У апублікаваным тэксце пра "яго плюсы ў параўнанні з дзейным прэзідэнтам" Гіркін здзекліва піша пра Уладзіміра Пуціна ("надзвычай даверлівы чалавек", "адмаўляецца кіраваць вайсковымі дзеяннямі", "занадта добры", "заўсёды верны слову і цвёрда выконвае абяцанні", мае "вельмі шмат сяброў мільярдэраў").

"Я не настолькі спартыўны і здаровы, які быў Уладзімір Уладзіміравіч у мае гады, таму надакучаць вам, дарагія выбаршчыкі, 20 з лішкам гадоў не змагу чыста фізічна", — гаворыцца ў апошнім пункце "тэзісаў" Ігара Гіркіна. Яго паплечнікі, якія знаходзяцца на волі, гатовыя сабраць 300 тысяч подпісаў, але не вераць, што ў выніку ўдасца зарэгістравацца. Пакуль Гіркін знаходзіцца пад следствам і не асуджаны, ён мае права на ўдзел у выбарах.

Ігар Гіркін — камандзір атрада расійскіх дыверсантаў, якія ў 2014 годзе з Крыма ўвайшлі на ўкраінскі Данбас і захапілі Славянск. Быў "міністрам абароны" так званай "ДНР". Мае статус галоўнага абвінавачанага па справе аб крушэнні малазійскага Boeing MH-17, па якім суд у Гаазе завочна прысудзіў яго да пажыццёвага зняволення. У апошнія гады ён стаў вядомы як блогер, крытыкаваў за нерашучасць і няўдачы ва Украіне Пуціна і яго атачэнне. Таксама Гіркін жорстка выказваўся пра вагнераўцаў за іх спробу мецяжу ў чэрвені 2023-га. Ігара Гіркіна затрымалі ў Маскве 21 ліпеня і адправілі ў СІЗА да верасня. Яго абвінавачваюць у "закліках да экстрэмізму". Днямі Маскоўскі гарадскі суд пакінуў Ігара Гіркіна пад арыштам. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі