Гэта была мая прафесійная памылка!

“Калі б у мяне сёння была магчымасць, я б папрасіў пакінуць мяне ў Беларусі на максімальна доўгі тэрмін”, — Еўрарадыё паразмаўляла з амбасадарам Вялікабрытаніі ў Беларусі Найджэлам Гулд-Дэвісам, які ў верасні пакіне нашу краіну ў сувязі з заканчэннем тэрміну дыпламатычнай місіі
— Спадар амбасадар, чаму Вы пакідаеце сваю пасаду раней тэрміну, прапрацаваўшы крыху больш за два гады?

— Гэта была мая самая вялікая памылка ў маім прафесійным жыцці. Прычына простая: калі я прыехаў сюды два гады таму, і калегі ў Лондане прапанавалі мне застацца ў якасці амбасадара, я сказаў — добра! Але я не жадаю жыць і працаваць тут больш за два гады, таму што я толькі прыехаў з Масквы, дзе прапрацаваў чатыры гады. Гэта быў цікавы час, вядома ж, але праца там вельмі складаная і інтэнсіўная. Менавіта таму я быў стомлены і настойваў на працы ў Беларусі толькі на працягу двух гадоў. Цяпер я разумею, што гэта была мая самая вялікая памылка ў маім прафесійным жыцці. Калі б у мяне была магчымасць сёння зноў дамовіцца з калегамі ў Лондане, я б папрасіў іх пакінуць мяне ў Беларусі на максімальна доўгі тэрмін. Цяпер я разумею, наколькі гэта выдатная краіна і выдатныя людзі.

— У Вас ёсць адчуванне, што цяпер пачынаецца самае цікавае ў жыцці краіны?

— Краіна, несумнеўна, перажывае цікавы час і будзе яшчэ цікавей. Але ўсё ж, я ў першую чаргу буду сумаваць па людзях, якія застаюцца тут. Ёсць пэўныя якасці і адметныя рысы беларусаў, і я не адразу гэта зразумеў. І мне так журботна ад гэтага.

— Пасля працы ў Расіі Вы адчулі, што Беларусь гэта іншая краіна?

— Натуральна, усе ведаюць, што Беларусь — гэта незалежная краіна, але я таксама адчуваю розніцу ў культурах. У Расіі ўвесь час задаецца пытанне: што такое Расія? Гэта еўрапейская, азіяцкая краіна або нейкая ўнікальная сумесь? Гэта пытанне філасофскае. Тут, у Беларусі, мне здаецца, такое пытанне не задаецца. Самі людзі тут разумеюць, што яны еўрапейцы. Адназначна. Я гэта таксама адчуваю. Менавіта гэта еўрапейскасць людзей мне тут і імпануе.

— Ці адбываюцца цяпер сапраўдныя змены або толькі іх артыкуляцыя? Як здаецца Вам?

— Мне здаецца, што сітуацыя ў краіне сёння сапраўды змянілася ў параўнанні з той сітуацыяй, якая была два гады таму. Мы заўважылі прагрэс у адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. У Беларусі ёсць разуменне, што наладжванне адносінаў з Еўрасаюзам вельмі важна для будучыні краіны. Такога не было ў мінулым. Атмасфера і тон адносінаў дакладна змяняюцца да лепшага. Але ёсць над чым працаваць, вядома! Мы спадзяемся, што тыя крокі, якія былі прынятыя — толькі пачатак. Мы жадаем бачыць прагрэс і спадзяемся, што гэты працэс будзе незваротным.

— Камунікацыя паміж еўрапейскімі і беларускімі палітыкамі сёння стала лепшай або яны па-ранейшаму размаўляюць на розных мовах?

— Сёння больш насычаны дыялог паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Працэс пайшоў. Гэта толькі першыя крокі. Вельмі важна, каб такая камунікацыя стала глыбейшай.

— Вы неаднаразова казалі ў сваіх інтэрв'ю, што ў Беларусі ёсць патэнцыял па эканамічным супрацоўніцтве з Захадам. Ці палепшыліся гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі з Вялікабрытаніяй за час Вашай працы тут?

— Так! Як вядома, у лістападзе мінулага года Беларусь правяла першы інвестыцыйны форум у Лондане. Гэта свайго роду інвестыцыі ў будучыню. Гэта гаворыць пра тое, што, нягледзячы на складанасці, звязаныя з сусветным фінансавым крызісам, можна казаць пра паляпшэнне эканамічных і інвестыцыйных узаемаадносінаў паміж Беларуссю і Еўрасаюзам у цэлым. Але многае ў гэтым плане будзе залежаць ад выбару Беларусі. Я заўсёды кажу пра тое, што гэта не наша справа: даручаць нашым бізнесменам укладваць грошы ў тую або іншую краіну. Гэтая справа саміх бізнесменаў. І яны гатовыя працаваць там, дзе гэта прыбыткова, там, дзе існуюць нармальныя ўмовы для развіцця іх бізнесу. Празрыстыя правілы, якія ўжываюцца паслядоўна, дзе няма месца бюракратыі.

Ёсць цікавасць, ёсць патэнцыял і ёсць магчымасць рэалізаваць гэты патэнцыял. Хачу таксама звярнуць увагу на таленты, здольнасці і працоўную этыку менавіта маладога пакалення ў Беларусі. Гэтыя якасці сапраўды здзіўляюць. І краіна ўжо даволі паспяхова прыцягвае кампаніі, якія займаюцца праграмаваннем, яны выкарыстоўваюць адносна танныя і вельмі таленавітыя маладыя розумы ў Беларусі. Вельмі шкада, што пра гэта мала ведаюць, таму што мне здаецца, што гэта будучыня краіны, гэта вельмі перспектыўна.

Я бяру з сабой на памяць малюнак брытанскай каралевы, які зрабіла пяцігадовая беларуская дзяўчынка.

— Што Вам больш за ўсё запомнілася з таго, што Вам удалося зрабіць за час сваёй працы тут?

— Напярэдадні адборачнага матчу кубка свету мы разам з Міністэрствам адукацыі арганізавалі дзіцячы футбольны турнір для інтэграваных каманд. У склад гэтых каманд уваходзілі дзеці з парушэннямі слыху. Я сам судзіў фінал. Было вельмі ўдалае мерапрыемства, на мой погляд. Мы таксама летась арганізавалі мастацкі конкурс для дзяцей на тэму адносін паміж нашымі краінамі. Я быў здзіўлены якасцю прац! Я сам бяру з сабой у Вялікабрытанію адну з дзіцячых прац. Яна была зробленая самым маладым пераможцам нашага конкурсу. Ёй гадоў 5-6. Гэта партрэт нашай каралевы! Простае, але выдатнае выкананне.

— Што яшчэ, акрамя карціны, вы возьмеце на памяць?

— Розныя сувеніры з розных рэгіёнаў. Але самае галоўнае, гэта не матэрыяльныя рэчы, а тое, што засталося ў памяці, вядома ж. Якасці людзей — тое, што з першага дня майго знаходжання тут здзівіла мяне. Годнасць людзей, ветлівасць і гэта непаўторнае слова “памяркоўнасць”. І гэта не толькі маё пазітыўнае меркаванне аб Беларусі. Я размаўляў пра гэта са шматлікімі брытанцамі, якія бывалі тут. А таксама з многімі іншымі замежнікамі. Меркаванне адназначнае: стэрэатып аб Беларусі змрочны, а рэальнасць і прыязнасць людзей аказваюцца нечаканымі. Гэта сведчыць пра тое, што імідж краіны ў цэлым не занадта развіты. Варта задумацца аб тым, чаму гэта так, вядома ж. Беларусь — наогул малавядомая краіна, і мне вельмі шкада. Тут могуць быць непрыгожыя будынкі або змрочная атмасфера, але людзі выдатныя. І я паўтаруся, што гэтае ўражанне вельмі распаўсюджана паміж замежнікамі, якія ўжо пабывалі тут.

— А што не атрымалася зрабіць за час працы амбасадарам у Беларусі?

— Я вельмі шкадую, што не вучыўся “мове”, беларускай мове. Я проста не знайшоў час. Мне вельмі шкада. Мне б вельмі хацелася.

— Што Вы параіце свайму паслядоўніку?

— Мы ўжо знаёмыя. (Новым амбасадарам Злучанага Каралеўства ў Беларусі прызначана Размары Томас. Яна плануе прыбыць у Мінск у верасні. — Еўрарадыё). Мы некалькі гадоў працавалі разам у Лондане. Я скажу ёй наступнае: не паўтарайце маю памылку і заставайцеся тут, як мага даўжэй, кантактуйце з гэтымі людзьмі як мага больш, таму што людзі тут — асноўная перавага і вартасць Беларусі. Гэта выключныя людзі.

Фота — black--cat.blogspot.com