Ганна Хітрык рыхтуе навагодні падарунак сваім сталым прыхільнікам

24 снежня ў Палацы культуры ветэранаў адбудзецца "Навагодні канцэрт" праекта Ганны Хітрык "S°unduk".  Падчас імпрэзы музыкі рыхтуюць шмат сюрпрызаў. Праўда, называць іх фронтвуман гурта адмовілася, прызнаўшыся толькі, што рыхтуе асобны падарунак сталым прыхільнікам.

Ганна Хітрык: "Абавязкова будуць новыя песні, бо Новы год. Новых песень не адна і не дзве. Мы ж зараз у працэсе рэпетыцый і, калі нешта будзе сыраватым, мы гэта не будзем выстаўляць на паказ. Таксама абавязкова будуць усялякія падарункі, розыгрышы, але так, каб не ператварыць гэта ў "ранішнік", а каб гэта ўсё ж такі быў канцэрт. Плануецца вялікі сюрпрыз для тых, хто нас ведае даўно... гэта я так намякнула, але нічога не сцвярджаю".

Канцэрт расцягнецца на паўтары гадзіны і будзе падзелены на дзве дзеі. Аня прызналася, што прычына такога дзялення не толькі ў любові. Цяпер ёй ужо не так проста столькі часу няспынна скакаць на сцэне. Хутка ў Ганны Хітрык з’явіцца першынец. Дарэчы, гэты факт таксама ўплывае і на тэрміны выхаду дэбютнай кружэлкі, але працэс ідзе і, магчыма, хутка ўжо пачнецца запіс.

Ганна Хітрык: "Матэрыялу хапае, але галоўнае, не хапацца за ўсе песні, а выбраць. А там пачнём выбіраць і, магчыма, яго не хопіць, праўда новыя песні пішуцца. Таму ўвесь студзень будзе прысвечаны планаванню, ці пачатку... Мы тут нават знайшлі нейкую падтрымку. Але можна сядзець і казаць, маўляў, ой, літаральна ў сярэдзіне месяца мы пачнём, а праз тры месяцы выдадзім. Шчыра кажучы, я нават не спрабую так планаваць. Тым больш, як тут сплануеш? Народзіцца малыш, пакажа мне дулю і скажа: "Не, маманя, сядзі-ка са мною тры месяцы!", і што тут зробіш? Зараз усё залежыць не ад мяне".

Дададзім, што "Навагодні канцэрт" гурта "S°unduk" пачнецца ў 19.00. Квіткі каштуюць ад 25-ці да 35-ці тысяч рублёў, а набыць іх можна ў тэатральнай касе перахода каля ГУМ-а.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі