Галоўрэда Intex-press асудзілі за інтэрв'ю з Ціханоўскай на сайце

Галоўрэда Intex-press асудзілі за інтэрв'ю з Ціханоўскай на сайце

26 красавіка суд у Баранавічах разгледзеў адміністрацыйную справу супраць галоўнага рэдактара газеты Intex-press Уладзіміра Янукевіча, піша TUT.by. Падставай было інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай, апублікаванае на сайце 14 красавіка.

Як уладальніка сайта, на якім было пазмешчанае інтэрв'ю, Янукевіча прызналі вінаватым у парушэнні заканадаўства аб СМІ — ч. 5 арт. 23.5 КаАП: распаўсюд уладальнікам інтэрнэт-рэсурсу, не зарэгістраванага ў якасці сеткавага выдання, інфармацыі, распаўсюд якой забаронены на інтэрнэт-рэсурсах у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

Яму далі максімальна магчымы штраф — 580 рублёў (20 базавых велічыняў).

За гэтае ж інтэрв'ю з Ціханоўскай, апублікаванае ў друкаванай версіі выдання, на юрыдычную асобу "Выдавецкі дом "Інтэкс-Прэс" таксама пачалі адміністрацыйную справу. Гаворка ідзе пра арт. 23.5 (распаўсюд сродкам масавай інфармацыі інфармацыі, распаўсюд якой забаронены). За гэта пагражае штраф да 5800 рублёў (200 базавых). Гэтую справу будзе разглядаць Эканамічны суд Брэсцкай вобласці. 

Акрамя таго, ідзе праверка, ці не парушае гэтае інтэрв'ю Крымінальны кодэкс — арт.361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі