Філ Колінз запісвае соўл-альбом

Новы альбом Філа Колінза (Phil Collins), які атрымаў назву “Going Back”, стане трыб'ютам рокера соўл-выканаўцам, на кампазіцыях якіх ён вырас.  Для для трэк-ліста былы фронтмэн Genesis абраў класічныя хіты з каталога лэйблаў Motown і Stax Records. “Напэўна, нікога не здзівіць навіна пра тое, што я нарэшце запісаў альбом маіх улюбёных песень Motown, - кажа Колінз. - Гэтыя песні, нароўні з парачкай рэчаў Дасці Спрынгфілд (Dusty Springfield), Ronettes, і The Impressions, былі асноўным саўндтрэкам майго юнацтва”.

Сярод трэкаў, якія трапяць на “Going Back”, будуць “Girl (Why You Wanna Make Me Blue)” гурта The Temptations, “Uptight (Everything’s Alright)” Стыві Ўандэра (Stevie Wonder), “Standing In The Shadows Of Love” і “Loving You Is Sweeter Than Ever” ад The Four Tops.

“Я памятаю ўсё, як быццам гэта было ўчора: я хадзіў у Marquee Club у Лондане і слухаў The Who, The Action і шматлікія іншыя гурты, якія выконвалі гэтыя песні. На наступны дзень я ішоў і набываў іх арыгінальныя версіі, - працягвае рокер. – Мая ідэя складаецца не ў тым, каб прыўнесці штосьці новае ў гэтыя і без таго выдатныя запісы, а паспрабаваць узнавіць тыя гукі і эмоцыі, якія былі ў мяне, калі я пачуў іх упершыню”.

У запісе матэрыялу ўзялі ўдзел трое музыкаў з Funk Brothers – гурта, які запісваў музыку для класічных хітоў Motown. У чэрвені Філ Колінз разам з Funk Brothers адыграюць шэраг канцэртаў у Нью-Ёрку ў падтрымку “Going Back”.

Новы альбом стане першым сольным рэлізам Колінза з моманту выхаду ў 2002 годзе дыска “Testify”. Рэліз “Going Back” запланаваны на 13 верасня.

Фота: grownfolksmusic.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі