Фасадныя змены, якія ўскладняюць жыццё: думкі пра цытаты Лукашэнкі на педсавеце

"У нас у школе і так парадак"​ / dgz.livejournal.com
"У нас у школе і так парадак"​ / dgz.livejournal.com

У час выступлення на Рэспубліканскім педсавеце 24 жніўня Аляксандр Лукашэнка выдаў нямала гучных цытат, сярод якіх "школа не можа быць па-за палітыкай", "навядзіце парадак у школе" і іншыя.

Каб зразумець сутнасць пасланняў, агучаных беларускім кіраўніком, Еўрарадыё паразмаўляла з экспертам Грамадскага Балонскага камітэта, старшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Андрэем Лаўрухіным. Мы папрасілі расшыфраваць самыя значныя выказванні, а таксама даведаліся меркаванне беларускіх педагогаў пра праведзены "вялікі педсавет".

"Мы атрымаем грамадства павукоў у слоіку"

Еўрарадыё: Цытата 1. "І сёння я дзякую тым, хто не пахіснуўся, і ў вашай асобе ўсёй нашай педагагічнай грамадскасці за прафесіяналізм, адданасць сваёй справе і грамадзянскую пазіцыю, ад якой шмат што залежала".

Якім педагогам і за якую грамадзянскую пазіцыю дзякаваў Лукашэнка?

Андрэй Лаўрухін: Зразумела ж, каму ён дзякаваў. Тым, хто "правільна" ўдзельнічаў у арганізацыі галасавання, хто выконваў усе рэкамендацыі і прагаласаваў асабіста за Аляксандра Рыгоравіча. Гэта вуалюецца пад рыторыку вернасці дзяржаўным інтарэсам, службе краіне. Але мы выдатна разумеем, што гаворка ідзе пра тых, хто грамадзянскай пазіцыяй праявіў палітычную лаяльнасць.

“Фасадные изменения, усложняющие жизнь”: мнения о цитатах Лукашенко на педсовете
Андрэй Лаўрухін / фэйсбук

Еўрарадыё: Цытата 2. "Урокі засвоеныя. Падзеі, якія адбыліся, абумовілі глабальнасць тых пытанняў, якія мы вынеслі на гэты педсавет. Нам трэба будзе перазагрузіць сістэму адукацыі".

Што гэта будзе за перазагрузка?

Андрэй Лаўрухін: Гаворка ідзе пра далейшую палітычную інструменталізацыю сістэмы адукацыі, пра ўзмацненне жорсткасці механізмаў ідэалагічнай індактрынацыі [працэсу паўтарэння і ўнушэння ідэі або дактрыны каму-небудзь да таго часу, пакуль ён не ўспрыме яе без крытыкі або лішніх пытанняў. — Еўрарадыё].

Вядома, далейшая ідэалагізацыя сістэмы адукацыі будзе мець дэструктыўны характар, паколькі ў адукацыі зусім не місія "выратаваць былога палітычнага лідара ад фіяска". І нават калі б гэта быў лідар, які мае вялікую падтрымку ў грамадстве — у кожным разе адукацыя не месца для палітычных войнаў.

Што можа быць, калі будзе рэалізаваны план "перазагрузкі" па Лукашэнку? Хутчэй за ўсё, мы атрымаем грамадства павукоў у слоіку, якія адзін аднаго падазраюць і баяцца.

"Прэвентыўная расправа з іншадумцамі"

Еўрарадыё: Цытата 3. "Школа не можа быць па-за палітыкай. Увогуле палітыкі не бывае без школы. Але палітыка там павінна быць толькі адна — дзяржаўная".

Што наконт плюралізму думак? Бо ў Канстытуцыі прапісана, што "ідэалогія палітычных партый, рэлігійных або іншых грамадскіх аб'яднанняў, сацыяльных груп не можа ўстанаўлівацца ў якасці абавязковай для грамадзян".

Андрэй Лаўрухін: Адукацыя прадугледжвае прастору свабоды, дзе кожны можа выказваць тое, што лічыць патрэбным, і на падставе рацыянальных аргументаў можа дзяліцца сваімі пунктамі гледжання. Але калі мы палітызуем адукацыйную прастору і ператвараем яе ў рынг, дзе перамагае мацнейшы, які прымушае прысягнуць нейкім ідэям, то мы атрымліваем дзяржаву грамадзян, дзе ўсе тыя, хто застанецца, будуць гранічна лаяльныя і паслухмяныя.

“Фасадные изменения, усложняющие жизнь”: мнения о цитатах Лукашенко на педсовете
Андрэй Лаўрухін / фэйсбук

Еўрарадыё: Цытата 4. "Выкарыстоўвайце любыя метады, але навядзіце парадак у школе".

Чаму за два дзясяткі гадоў так і не навялі "парадак у школе" і які гэта павінен быць парадак?

Андрэй Лаўрухін: Пасля жніўня 2020-га, здавалася б, уся прастора зачышчаная. Але не, аказалася, што дзесьці ўнутры грамадства "варушыцца хаос". А дзе вытокі гэтага хаосу, пагрозы палітычнай уладзе? Ну вядома, там, дзе адукацыя! Навядзенне такога "парадку" ў тым ліку прадугледжвае прэвентыўную расправу з іншадумцамі. Вось пра гэты парадак гаворыць Лукашэнка.

"Бюракратыя не паменшыцца"

Еўрарадыё: Цытата 5. "З 1 студзеня 2022 года мы павінны знайсці магчымасць значна прастымуляваць у матэрыяльным плане працу класных кіраўнікоў і куратараў".

Ці стане лягчэй класным кіраўнікам пасля такой стымуляцыі?

Андрэй Лаўрухін: На мой погляд, бюракратыя не паменшыцца, а магчыма, яшчэ больш з'явіцца дакументаў, з дапамогай якіх можна будзе замяраць узровень палітычных настрояў у адукацыйных установах. Каб можна было ўплываць на гэты ўзровень. Я думаю, што менавіта гэтым катэгорыям работнікаў будзе ставіцца кола новых палітычных задач, таму што гэта тыя людзі, якія ўваходзяць у сям'і, у каго ёсць звесткі пра дзяцей. Таму, хутчэй за ўсё, будзе так: калі вы даяце інфармацыю, якую трэба, то вы атрымліваеце прэмію. Не даяце — не атрымліваеце.

Відавочна, што для таго, каб проста аблегчыць працу настаўнікаў ці неяк купіць іх лаяльнасць, грошай папросту няма.

Еўрарадыё: Цытата 6. "Прэтэнзій да сучасных падручніках па-ранейшаму процьма".

Якія праблемы ёсць у сучасных беларускіх падручнікаў?

Андрэй Лаўрухін: У першую чаргу спрашчэнне матэрыялу. Паколькі не заахвочваюцца інавацыі, няма свабоды для педагагічнай творчасці, то, адпаведна, уніфікаваныя праграмы спрашчаюцца і ператвараюцца ў зусім трывіяльныя рэчы. Спрасцілі сам змест. Бо спрасціць тое, як менавіта падаюцца гэтыя веды, значна складаней. Тут я пагаджуся з Лукашэнкам: у савецкія часы атрымлівалася простай, даходлівай мовай выкладаць нават складаныя рэчы.

“Фасадные изменения, усложняющие жизнь”: мнения о цитатах Лукашенко на педсовете
"Можна, калі ласка, больш зразумела?" / Еўрарадыё

"Для Лукашэнкі праблема ў тым, што ён не можа кантраляваць ютуб"

Еўрарадыё: Цытата 7. "Настаўнік на ўроку — не блогер, не юцьюбер або інфармацыйны аніматар".

А як па-іншаму ўзаемадзейнічаць з сучаснымі вучнямі?

Андрэй Лаўрухін: На самай справе таленавіты педагог заўсёды знойдзе, як і чым зацікавіць навучэнца. Я б, хутчэй, сказаў, што як толькі педагога пачынаюць заганяць у "пракрустава ложа" і кажуць, што "вось толькі гэтым вы можаце карыстацца", то якраз тады і з'яўляюцца праблемы. Мне здаецца, што пагроза не ў тым, што выкарыстоўваецца ютуб, а ў тым, што ўводзіцца забарона на творчую існасць выкладання. Я так разумею, што калі хтосьці звяртаецца да такіх рэсурсаў, то гэта ўжо сігнал, маўляў, "гэта не наш чалавек, трэба з ім нешта рабіць".

З Лукашэнкі вывальваюцца вось такія рэчы таму, што ён стары чалавек, ён не разумее, што гэта і навошта гэта. Ютуб і ўсе гэтыя новыя медыя ён не можа кантраляваць, вось у чым праблема. І ў яго, як у чалавека, які прывык кантраляваць усё, гэта выклікае своеасаблівую афектацыю.

Еўрарадыё: Цытата 8. "Бацькі і дзеці па-ранейшаму недаацэньваюць прэстыжнасць рабочых прафесій".

Ці так гэта і ў чым прычына?

Андрэй Лаўрухін: Гэта глабальная тэндэнцыя. Наша сістэма адукацыі, пры ўсіх яе мінусах, імкнецца ўбудоўвацца і адпавядаць часу ў большай ступені, чым эканоміка. Эканоміка ж застаецца ў індустрыяльнай эпосе са станкамі 70–80-х гадоў. У сацыялагічным даследаванні было выяўлена, што ў нас запатрабаваныя рабочыя і іншыя спецыяльнасці там, дзе прадпрыемствы нерэнтабельныя, дзе нізкія заробкі. Гэта чорныя дзіркі, якія пастаянна зацягваюць і патрабуюць усё больш і больш рабочых месцаў, таму што там вялікая цякучка кадраў. Туды прыходзяць, працуюць і сыходзяць, бо бачаць, што гэта заняпалае прадпрыемства з нізкімі заробкамі і адсутнасцю перспектыў.

"У нас у школе і так парадак"

"Любоўю да Радзімы прасякнуты ўвесь выступ прэзідэнта", — так выказвалася пра педсавет яго ўдзельніца Алена Аўтуховіч, настаўніца-дэфектолаг бярэзінскай школы №2. Еўрарадыё запыталася ў жанчыны: зыходзячы з рыторыкі мерапрыемства, якое прайшло, якія тэндэнцыі, на яе думку, цяпер назіраюцца ў сістэме адукацыі?

“Фасадные изменения, усложняющие жизнь”: мнения о цитатах Лукашенко на педсовете

— Пытанне з падручнікамі было ўзнятае, былі пытанні патрыятычнага выхавання. Адмоўных тэндэнцый у сучаснай сістэме я не бачу, — упэўненая Алена Аўтуховіч. — Мне, напрыклад, было вельмі прыемна пачуць, што на працу класных кіраўнікоў была звернутая ўвага. І цяпер класным кіраўнікам паабяцалі прэстыж гэтай справы аплаціць трошкі больш.

Раз ужо адмоўных тэндэнцый у сістэме адукацыі няма, то што рабіць з валам папяровай працы, якая пераследуе педагога?

— Тую ж папяровую працу кожны ўспрымае па-рознаму. Лішняя папера — ну мы заўсёды ж будзем нешта пісаць. Для кагосьці лёгка напісаць характарыстыку на вучня, а для кагосьці гэта вялікая праца. Арганізаваць нейкую экскурсію — гэта таксама залежыць ад чалавека. Не ведаю, ці стане лягчэй усім, але ўсё-ткі гэта будзе прыемней, прынамсі, калі за гэта будуць плаціць. Мы гэта ўсё роўна будзем рабіць, але мы будзем разумець, што нашу працу ў прынцыпе цэняць.

Ці зменіць педсавет з удзелам Лукашэнкі жыццядзейнасць сістэмы адукацыі?

— Я думаю, вядома, зменіць, думаю, што будзе станоўча. А што можа быць нявыканана? Там не было агучана ніякіх завоблачных ідэй, якія немагчыма выканаць.

Еўрарадыё: Аляксандр Лукашэнка прасіў навесці парадак у школах.

— Не ведаю, што ён меў на ўвазе пад парадкам. У нас у школе і так парадак. На новы год настрой ёсць, мы працуем.

"Такія педсаветы нічога не вырашаюць"

У выкладчыка матэматыкі і фізікі Ягора Адамчыка ўражанні ад цытат і прамоў, сказаных на Рэспубліканскім педсавеце, крыху адрозніваюцца ад уражанняў Алены Аўтуховіч.

— Я скажу так: для мяне заўсёды была дзіўнай тая тэндэнцыя, калі хто-небудзь каментуе чыю-небудзь працу, не ўдзельнічаючы ў ёй, — здзіўляецца педагог. — Калі такія парады даюць збоку, калі гэта не ад калегі-прафесіянала, то гэта выглядае дзіўна. Калі б гэта была прамова ад кіраўніка, то ў ёй павінна было быць больш канструктыву. Такая рыторыка выклікае эмоцыі, але, хутчэй за ўсё, нічога не зменіцца. Педсаветы ў школе закліканы вырашаць канкрэтныя праблемы, а калі даюцца парады з вонкавага боку, то яны, на жаль, нічога не вырашаюць.

“Фасадные изменения, усложняющие жизнь”: мнения о цитатах Лукашенко на педсовете
Ягор Адамчык / Еўрарадыё

Погляд з боку настаўніка: якія на сёння ёсць глабальныя праблемы ў беларускай сістэме адукацыі?

— Малая прафарыентацыя, неадпаведнасць ведаў рэальнаму свету, — пералічвае праблемы Ягор. — Малая ўзгодненасць прадметаў сістэмы адукацыі з інтарэсамі школы і грамадства. Большая частка тых ведаў, з якімі школьнікі выходзяць у свет, не патрэбныя. Школа павінна задаволіць запыт таго, каб чалавек, выпускаючыся са школы, мог добра ўзаемадзейнічаць з грамадствам, каб ён змог сацыялізавацца.

Таксама выклікае пытанні незразумелая сістэма падзелу працы педагогаў. Якія паўнамоцтвы павінен мець настаўнік? Прысутнічае і архаізм самой сістэмы праз адсутнасць магчымасці абмеркавання і канструктыўных высноў. Ну і, вядома ж, адсутнасць інавацый. Ні эксперыментальных ВНУ, ні эксперыментальных праграм мы не бачым. Праз тое, што звычайная школьная дошка будзе заменена на інтэрактыўную лічбавую панэль, зменіцца нямногае, калі настаўнік як маляваў, так і будзе маляваць тое самае.

Усё гэта стагнацыя, вонкавыя фасадныя змены, якія ўскладняюць жыццё, але нічога кардынальна не змяняюць. Усе прывыклі да таго, што шмат гаворыцца слоў, але яны гаворацца проста так. Сістэма адукацыі ператварылася ў асобны інфармацыйны парадак дня, які ўвогуле не спалучаецца з рэальнасцю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі