Вы тут

Еўрасаюз не прызнае легітымнасць Лукашэнкі

Дзень таемнай інаўгурацыі. Мінск, 23 верасня 2020-га / Reuters

Еўрасаюз не прызнае легітымнасць Аляксандра Лукашэнкі. Гэта вынікае з заявы кіраўніка еўрапейскай дыпламатыі Жазэпа Барэля.

"ЕС не прызнаў вынікі сфальсіфікаваных [прэзідэнцкіх] выбараў 9 жніўня [2020-га],цытуе яе тэкст consilium.europa.eu. — На гэтай падставе так званая інаўгурацыя 23 верасня і новы мандат, прыняты Аляксандрам Лукашэнкам, не маюць дастатковай дэмакратычнай легітымнасці".

Жазэп Барэль паведаміў, што "ЕС вядзе пераацэнку дачыненняў з Беларуссю".

У заяве таксама адзначаецца, што "інаўгурацыя" супярэчыць пазіцыі значнай часткі беларусаў і толькі паглыбляе палітычны крызіс у Беларусі. ЕС падкрэслівае, што беларусы заслугоўваюць права быць прадстаўленымі тымі людзьмі, якіх яны свабодна выбіраюць. У Бруселі ўражаныя мужнасцю беларускага народу, які працягвае мірна змагацца за свае правы і дэмакратыю, "нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі беларускіх уладаў". ЕС спадзяецца, што афіцыйны Мінск адмовіцца ад далейшых рэпрэсій і гвалту. Еўрасаюз выступае за нацыянальны дыялог у Беларусі, за новыя выбары пад назіраннем АБСЕ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.