Еўракамісія хоча выкарыстаць "чырвоную кропку" супраць Польшчы

"Рашэнне прынятае на фоне судовых рэформаў, якія паставілі сістэму правасуддзя ў Польшчы пад палітычны кантроль кіруючай большасці", — гаворыцца ў заяве Еўрапейскай камісіі.

7 артыкул дае магчымасць Еўрапейскаму саюзу дысцыплінарна караць краіны, якія парушаюць асноўныя прынцыпы аб’яднанай Еўропы.

Працэдура складаецца з некалькіх этапаў: першы — прызнанне таго, што ў адным з чальцоў ЕС паўстала рызыка парушэння вяршэнства закона. Для такой ацэнкі неабходная згода большасці міністраў ЕС (22 з 27) і большасці еўрадэпутатаў (2/3). Наступны крок — усе ўрады краін ЕС супольна прызнаюць, што парушэнне закона адбылося, і тады супраць краіны-парушальніцы ўводзяцца санкцыі. Патэнцыйна можа дайсці да спынення фінансавання краіны Еўрапейскім саюзам.

У выпадку Польшчы пакуль рэалізаваны першы этап — Еўракамісія звярнулася да міністраў ЕС. Пазіцыю Еўракамісіі агучыў яе віцэ-прэзідэнт Франс Тымерманс:

"Мы гэта робім для Польшчы, для польскіх грамадзянаў. Я шчыра веру, што польскія грамадзяне, якія з’яўляюцца грамадзянамі ЕС, маюць права на незалежную судовую сістэму. Я веру, што наша сіла — у роўнасці перад законам усіх".

З моманту ўступлення Польшчы ў Еўрапейскі саюз у 2004 годзе краіна атрымала з бюджэту ЕС 140 млрд еўра — гэта каля двух гадавых бюджэтаў краіны. У асноўным сродкі пайшлі на выроўніванне эканамічных і сацыяльных адрозненняў нашай заходняй суседкі з больш заможнымі краінамі ЕС.

Пакуль Еўрапейскі саюз дае Польшчы тры месяцы на вырашэнне праблем у судовай сістэме, але наўрад ці Польшча прыслухаецца да заўваг, тым больш што радыкальныя захады ЕС ёй фактычна не пагражаюць. Каб іх увесці, неабходная аднагалоснасць сярод прэм'ераў краінаў ЕС, а між тым кіраўнік Венгрыі Віктар Орбан неаднаразова запэўніваў Польшчу, што накладзе вета на такія рашэнні.