Еўрадэпутат: Беларусь шмат страціць, калі выбары пройдуць пад знакам мінуса

Еўрадэпутат: Беларусь шмат страціць, калі выбары пройдуць пад знакам мінуса

Еўрарадыё: На гэтым тыдні Беларусь наведала рэкордная колькасць палітыкаў і дыпламатаў рознага ўзроўню з Еўрасаюза і ЗША. Усе казалі пра будучыя парламенцкія выбары, пра далейшыя ўзаемаадносіны з нашай краінай. Выглядае, што Беларусь Захаду неабыякавая, нашы праблемы вам не надакучылі?

Сандра Калніетэ: Безумоўна, у Еўропе сёння шмат праблем: міграцыя, папулізм і гэтак далей. Але як можна стаміцца ад суседзяў? Гэта немагчыма, бо мы суседзямі і надалей будзем. Таму нам неабходна знайсці шляхі супрацоўніцтва і ўзаемаразумення. Бо самае галоўнае для суседзяў — мець кантакт. Геапалітычная сітуацыя ў Еўропе пасля анексіі Крыма і трагічных падзей на ўсходзе Украіны змянілася, таму мы глядзім на Беларусь як на суседа, з якім трэба знайсці агульную мову і распачаць розныя фарматы супрацоўніцтва.

Еўрарадыё: Але ў гісторыі нашых ўзаемаадносінаў ужо былі перыяды пацяплення, за якімі ішло пахаладанне. Не асцерагаецеся, што і цяперашняе пацяпленне адносінаў скончыцца гэтак жа?

Сандра Калніетэ: Беларусь нельга назваць дэмакратычнай дзяржавай, і любыя павароты магчымыя. Але было вельмі няправільна, калі б Еўрасаюз не скарыстаўся гэтым пацяпленнем і не пачаў пашыраць кантакты з роўнымі сацыяльнымі слаямі насельніцтва. Бо самае галоўнае не тое, што адбываецца ў кіроўнай эліце — важна, каб беларускі народ як мага больш даведаўся пра тое, што з сябе ўяўляе Еўрасаюз, як разам жывуць 28 дзяржаў, як мы прымаем рашэнні, якая ў нас палітычная сістэма, эканоміка. А беларускую моладзь найбольш могуць цікавіць магчымасці нашага супрацоўніцтва па абмене студэнтамі ў межах Балонскага працэсу. Гэта важна для стварэння будучыні беларускай нацыі.

Еўрарадыё: Вы падчас візіту ў Беларусь абмяркоўвалі будучыя парламенцкія выбары. А мне прыгадалася, што ў свой час санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх чыноўнікаў увялі менавіта за парушэнні выбарчага заканадаўства. А знялі іх за вызваленне палітвязняў. У ЕС прыйшлі да высновы, што выбарам у Беларусі больш нічога не пагражае?

Сандра Калніетэ: Санкцыі ўводзіліся ў іншай геапалітычнай сітуацыі — калі не было вайны ва Украіне. І ў прынцыпе быў перыяд стабільнасці ва ўсёй Еўропе. Але цяпер Еўрасаюз глядзіць на сваіх суседзяў на ўсходзе, на поўдні і бачыць, што нестабільнасць павялічваецца. І гэта нараджае зусім іншыя задачы па наладжванні кантактаў, дае іншую ацэнку неабходнай стабільнасці. Тым не менш, будучыя парламенцкія выбары ў Беларусі — паваротны пункт. Менавіта так іх павіннае ацэньваць кіраўніцтва Беларусі. Бо для Еўрасаюза вельмі важна, каб прынцыпы, на якіх базуецца дэмакратычная прававая дзяржава, у Беларусі ўзмацняліся, каб гэтыя выбары былі праведзеныя ў адпаведнасці з апошнімі рэкамендацыямі АБСЕ. Гэта такія відавочныя пазнакі на дарозе, якую трэба прайсці беларускаму кіраўніцтву, каб мы маглі не толькі пачаць наш дыялог, але каб гэты дыялог стаў больш пашыраным і займеў больш глыбокі змест.

Еўрарадыё: Але ўжо вядома, што рэкамендацыі АБСЕ, якія былі сфармуляваныя пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў, уносіцца ў выбарчае заканадаўства да пачатку сёлетняй выбарчай кампаніі не будуць!

Сандра Калніетэ: Рэкамендацыі АБСЕ можна падзяліць на некалькі ўзроўняў. Самы працаёмкі — змены ў заканадаўстве, змена сістэмы выбараў. Але што можна зрабіць да выбараў — зразумела прапісаць працэдуру перадвыбарнай кампаніі, складання спісаў і гэтак далей. Да прыкладу, трэба мець, і гэта можна зрабіць, адзіны рэгістр выбаршчыкаў. Каб было зразумела, колькі чалавек на якім участку галасуе. Каб прадстаўнікі грамадства маглі прысутнічаць як назіральнікі і ў рэгіянальных камісіях, і на кожным участку для галасавання. Прычым каб яны маглі прысутнічаць на падліку галасоў, на пісьмовай рэгістрацыі пратаколаў. Калі гэта будзе зроблена, гэта будзе вялікі крок наперад у наданні выбарам большай празрыстасці.

Еўрарадыё: Уявім сабе, што назіральнікі БДІПЧ АБСЕ сёлетнія выбары ацэняць гэтак жа, як выбары леташнія…

Сандра Калніетэ: Я не буду прадказваць, якой будзе гэтая ацэнка. Яна будзе залежаць ад таго, як Цэнтрвыбаркам і рэгіянальныя выбарчыя камісіі правядуць гэтыя выбары. Гэта іх адказнасць.

Еўрарадыё: Я да таго, што калі выбары пройдуць як звычайна і, як звычайна, прадстаўнікі апазіцыі не пройдуць у парламент — гэта можа стаць нагодай для вяртання санкцый?

Сандра Калніетэ: Рана пра гэта нешта казаць. Зараз ёсць магчымасць змагацца за тое, каб прадстаўнікі апазіцыі прайшлі ў парламент. У прадстаўнікоў Еўрасаюза ёсць магчымасць усім разам выказваць свае пажаданні беларускаму кіраўніцтву. А ў апазіцыі ёсць магчымасць сканцэнтравацца на выбарчай кампаніі. Я чалавек пазітыўны і думаю, што зараз магчымы такі паваротны момант. Калі ж гэтыя выбары пройдуць пад знакам вялікага мінуса, для Беларусі гэта будзе драматычнай падзеяй.

Еўрарадыё: А можа, нам сапраўды варта памяняць калі не саму апазіцыю, то яе лідараў — выправіць іх на пенсію? Такія пажаданні апошнім часам чуваць усё часцей. Маўляў, яны так і не здолелі хоць нечага дамагчыся за 20 гадоў…

Сандра Калніетэ: Гэта вельмі несправядлівыя словы — што яны нічога не дабіліся. Найперш яны ўпарта абаранялі веру ў дэмакратыю. У сітуацыі, калі за адну лістоўку трэба заплаціць 500 еўра штрафу, калі за адно неасцярожнае выказванне ў бок прэзідэнта можна трапіць у турму, абвінавачваць іх не варта. Ці можа апазіцыя нечага дабіцца, калі на 100 адсоткаў кантроль за ўсім знаходзіцца ў руках дзяржаўных структур? Я ў гэтым сумняваюся. Але што мы маем сёння ў Беларусі? Эканамічна краіна сёння вельмі слабая, людзі незадаволеныя. І калі апазіцыя аб’яднаецца і здолее паказаць людзям магчымы іншы шлях развіцця Беларусі, яна зможа дабіцца пэўнага поспеху.

Еўрарадыё: У хуткім часе ў Польшчы з’явіцца сістэма супрацьпаветранай абароны NATO. Відавочна, што Расія адновіць свае спробы дамагчыся ад Беларусі размяшчэння тут сваёй авіябазы. Як у ЕС і канкрэтна ў Латвіі ставяцца да гэтага?

Сандра Калніетэ: Ці будзе тут база — залежыць не толькі ад Расіі. Тое, што яна будзе моцна ў гэтым кірунку ціснуць, не падлягае сумневам. Але трэба разумець, што суверэнітэт і незалежнасць Беларусі — у раках беларускага народа і беларускага кіраўніцтва. Я катэгарычна супраць заяў, што з’яўленне базы NATO ў Польшчы пагаршае бяспеку ўсяго рэгіёна. Бо ўсё пачалося ў 2008 годзе, калі Расіі здзейсніла напад на Грузію. Еўропа і нават NATO глядзелі на гэта скрозь пальцы. Адзінымі, хто разумеў трагічнасць падзеяў, былі краіны Балтыі і Польшча. Цяпер, калі ідзе вайна на Данбасе, а Крым — анексаваны, ілюзій у большасці краін Еўрасаюза і ўсіх краін NATO не засталося. І таму NATO будзе рабіць усё, каб прэвентыўна паказаць нашу гатоўнасць абараніць свае тэрыторыі. Гэта наша законнае права. Мы сваёй палітыкай бяспекі пагрозы для Расіі не ствараем, бо мы не лічым напад формай вырашэння міжнародных праблем.

Еўрарадыё: Вы пагрозы для Расіі не ствараеце, а з боку Расіі для сябе пагрозу краіны Балтыі бачаць?

Сандра Калніетэ: Рэальнай — не. Бо мы сябры NATO і Еўрасаюза. Менавіта Расія сваімі агрэсіўнымі дзеяннямі ва Украіне палепшыла сітуацыю ў нашым рэгіёне. Да гэтага ніякіх баз NATO у нас не было і не было ніякіх дыскусій на тэму размяшчэння ў нас нейкіх там баз NATO. Хоць мы і адчувалі пэўны недахоп бяспекі ў рэгіёне. Але пасля таго, як саміт NATO вельмі аператыўна прыняў рашэнне наконт размяшчэння сваіх баз, сітуацыя з бяспекай у нашым рэгіёне стала нашмат лепшай.

Фота Змітра Лукашука 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі