Эстонія не будзе пасылаць новага амбасадара ў Мінск

Эстонія не будзе дасылаць новага амбасадара ў Мінск па заканчэнні службовага тэрміну папярэдняга амбасадара. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў краіны Урмас Рэйнсалу.

Эстонія не прызнае афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Адпаведна, афіцыйны Талін не лічыць Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі.

"Накіраванне амбасадара азначала б уручэнне даверчых грамат Лукашэнку, які не прызнаецца Эстонскай Рэспублікай легітымным прэзідэнтам, таму ўзровень нашых дыпламатычных зносін застаецца на ўзроўні паверанага ў справах", — перадае err.ee словы Рэйнсалу.

У МЗС кажуць, што намеснік кіраўніка амбасады Індрэк Таранд прыступіць да працы на працягу жніўня.

Сам Таранд ацэньвае планы сваёй дзейнасці даволі сціпла: "Няма сэнсу прагназаваць штосьці вельмі творчае, культурнае або эканамічнае. Але, з іншага боку, Беларусь таксама не спісаная з ліку суверэнных краін. Краіна, якая мяжуе з нашымі важнымі саюзнікамі Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай, усё ж такі па-ранейшаму ў нейкай ступені важная. На практыцы ўсё ж пераважае консульская праца, але, з другога боку, таксама каардынацыя з прадстаўніцтвамі Еўрасаюза, якія ўсё яшчэ прысутнічаюць у Мінску, і, вядома, наколькі гэта магчыма, з беларускімі афіцыйнымі асобамі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.