Эрдаган: Права Турцыі абараняць свае межы павінны паважаць усе

Эрдаган: Права Турцыі абараняць свае межы павінны паважаць усе

Турэцкія ўлады заявілі, што збілі расійскі бамбардзіроўшчык, каб абараніць свае межы. Прэзідэнт краіны Рэджэп Таіп Эрдаган 24 лістапада правёў экстраную нараду ў пытаннях бяспекі, прысвечаную інцыдэнту з расійскім самалётам Су-24. Паводле ўладаў краіны, гэты самалёт заляцеў на турэцкую тэрыторыю з боку Сірыі і праігнараваў шматлікія папярэджанні.

Эрдаган заявіў, што турэцкія знішчальнікі дзейнічалі ў поўнай адпаведнасці з правіламі задзейнічання сіл і сродкаў. Ён таксама адзначыў, што захаванне спакою і вытрымкі дазволіла пазбегнуць яшчэ больш сур’ёзных інцыдэнтаў, звязаных з абстаноўкай у Сірыі.

Турэцкі прэзідэнт правёў тэлефонныя перамовы з прэзідэнтам ЗША Баракам Абамай. Падчас перамоваў бакі прыйшлі да высновы, што неабходны план дзеянняў, які дапаможа перадухіліць падобныя інцыдэнты ў будучыні. Разам з тым Абама прызнаў, што Турцыя мае права на абарону сваіх межаў, перадае ВВС.

Расійскі самалёт-бамбардзіроўшчык быў збіты турэцкімі ваенна-паветранымі сіламі ў аўторак. Самалёт зваліўся на сірыйскай тэрыторыі. Расійскі бок афіцыйна пацвердзіў гібель дваіх вайскоўцаў, якія былі на борце.

Гэты інцыдэнт выклікаў жорсткую рэакцыю з боку Расіі. Прэзідэнт Уладзімір Пуцін назваў здарэнне “ударам у спіну” і прыгразіў Турцыі санкцыямі.

Фота: REUTERS

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі