Электронная версія падручнікаў: за 6 клас тры прадметы, за 11 — шэсць

“Да 1 верасня мусіць быць выдадзена 143 найменні падручнікаў і дапаможнікаў. Сёння ў вытворчасці яшчэ 37, але спадзяемся, што да 1 верасня ўсё будзе рэалізавана”, — дае справаздачу міністр адукацыі Сяргей Маскевіч.

Значыць, за менш чым два тыдні да пачатку навучальнага году падручнікі ёсць не ўсе! Затрымка ёсць, прызнаюцца Еўрарадыё у Нацыянальным інстытуце адукацыі, які займаецца падручнікамі.

“Яны ў нас ужо ёсць у электронным выглядзе, яны зацверджаныя. На паліграфічным камбінаце інтэнсіўна працуюць, да 1 верасня спадзяемся ўсё зрабіць”, — абяцаюць у Інстытуце адукацыі.

І прыгадваюць пра электронныя падручнікі: на сайце ўжо вісяць 87 найменняў (электронная версія падручнікаў). Правяраем гэтыя электронныя падручнікі. За 11 клас ёсць Іспанская мова, Хімія, Гісторыя Беларусі — агулам сем прадметаў. За 7 клас — толькі пяць!

Чаму б не вывесіць усе падручнікі, раз ёсць такая магчымасць?

“Не ўсе аўтарскія калектывы даюць згоду на размяшчэнне падручнікаў. Але мы праводзім працу”, — адказваюць у Інстытуце адукацыі.

У 110-й сталічнай школе чакаюць падручнікі для трэцякласнікаў. І… карыстаюцца час ад часу электроннымі. Прасунутыя.

“Мы чакаем за трэці клас новыя. Кожны год паспяваюць да пачатку навучальнага, практычна. Электронны варыянт таксама выкарыстоўваецца”, — тлумачаць у школе.

Але новыя тэхналогіі не ва ўсіх у пашане: вучням сталічнай школы Завадскога раёну электронныя падручнікі няма куды запампоўваць.

“У нас жа Завадскі раён. Многія вучні не маюць камп'ютараў дома. Нельга іх у нас выкарыстоўваць. Старымі, бывае, карыстаемся”, — прызнаюцца Еўрарадыё ў школе.

На фабрыцы каляровага друку затрымку з падручнікамі тлумачаць… перабоямі з матэрыялам. Але абяцаюць усё прывезці ў школы да 1 верасня.

“Дзесьці з матэрыялам былі перабоі, дзесьці — выдавецтва не паспявала у час. Хацелася б, канешне, хутчэй, каб спакайней гэта праходзіла”, — гавораць на фабрыцы.

Сёлета плануюць выдаць 191 найменне падручнікаў разам з дапаможнікамі. Для школ і гімназій — 94 найменні. Сёлета ўзімку на сайце Інстытута адукацыі за 11 клас былі падручнікі толькі па чатырох прадметах. Цяпер з сайта можна спампаваць кнігі ўжо па сямі прадметах — прагрэс.

Фота: www.rama-dety.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі