Экс-кіраўніку Оршы, у дом да якога ўрываліся сілавікі, знайшлі новую працу

Экс-кіраўніку Оршы, у дом да якога ўрываліся сілавікі, знайшлі новую працу

Новую працу атрымаў былы старшыня Аршанскага райвыканкама Леанід Пянькоўскі. Як піша tut.by, чыноўнік вярнуўся ў Бешанковіцкі раён і ўзначальвае сельгаспрадпрыемства ЗАТ "АСБ — Агра Наватар". Гэтае ж прадпрыемства ён узначальваў і да прызначэння ў Оршу.

На пасаду старшыні Аршанскага выканкама Аляксандр Лукашэнка прызначыў Леаніда Пянькоўскага 12 траўня 2017 года. А ўжо праз 10 дзён кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб Следчы камітэт разабраўся, чаму сілавікі ўрываюцца ў дом да чыноўніка.

"Хто даў права да чалавека, узгодненага да прызначэння прэзідэнтам, ўрывацца ў дом? Бо для таго каб праваахоўным органам нават весці нейкія расследаванні па чалавеку, які ўваходзіць у кадравы рэестр прэзідэнта, трэба згода прэзідэнта", — абураўся Лукашэнка.

Паводле афіцыйнай версіі, агучанай пазней, Пянькоўскі прыхварэў і нейкі час не выходзіў на сувязь. Шукаючы яго, прадстаўнікі праваахоўных органаў прыйшлі ў дом яго сваякоў, дзе знаходзіўся кіраўнік горада. 

Праз нейкі час Пянькоўскага звольнілі. На пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкама ён адпрацаваў менш за тры месяцы. 

Дарэчы, яго наступнік Аляксандр Пазняк таксама ўжо не кіруе Оршай і Аршанскім раёнам: ён пазбыўся сваёй працы пасля таго, як 14 траўня на Аршаншчыну прыехаў Лукашэнка. Тады кіраўнік дзяржавы застаўся незадаволены выкананнем сваіх даручэнняў па развіцці горада і раёна.

Новым кіраўніком раёна з'яўляецца Ігар Ісачэнка

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі