Эдуард Ханок: Каб гэтыя людзі больш рот не раскрывалі на гэтыя песні

Эдуард Ханок: Каб гэтыя людзі больш рот не раскрывалі на гэтыя песні

Вядомы кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок забараніў спевакам Анатолю Ярмоленку і Ядвізе Паплаўскай выкарыстоўваць музыку сваіх самых папулярных песень. У лістах на імя міністра культуры Барыса Святлова і міністра інфармацыі Ліліі Ананіч кампазітар паведаміў, што збіраецца падаць у суд на выканаўцаў, калі тыя працягнуць спяваць хіты "Вы шумiце, бярозы", "Счастливый случай", "Я у бабушки живу", "Завiруха" і "Малиновки заслышав голосок".

“Проста людзі разбэсціліся і даўно забыліся, што ёсць аўтары песень, ― тлумачыць сваю пазіцыю кампазітар. ― Яны дэ факта перапісалі гэтыя песні на сябе. Публіцы ўвесь час кажуць, што гэта іх песня, і публіка пачынае так лічыць. Таму на пахаванні Аляксандра Ціхановіча пра аўтараў гэтых песень ніводнае выданне не напісала ніводнага слова. Але я ж таксама маю права на сваё імя, і мушу яго бараніць. Таму я і забараніў выкананне, каб гэтыя людзі больш рот не раскрывалі на гэтя песні. Паспявалі, і добра. Спявалі яны іх яшчэ ў савецкія часы, а сёння мы жывем у часы шоў-бізнэсу, калі песня ― тавар, на які трэба заключаць дамову. Калі вам далі кватэру і вы ў ёй пражылі дзесцяь гадоў, а потым сказалі, каб высяляліся. Вы ж не будзеце казаць, што вы там зрабілі рамонт і гэта ваша кватэра. Вы рабілі рамонт для сябе, але права на кватэру праз гэта не маеце!”

Забарона на з’яўленне ў тэле і радыёэфірах узгаданых песень, а таксама на жывое іх выкананне набывае моц 20 траўня. Лісты з адпаведным патрабаваннем кампазітар разаслаў па тэлерадыёкампаніях і канцэртных агенцтвах Расіі, Беларусі і Украіны.

“Ліст ад народнага артыста Беларусі, кампазітара Эдуарда Ханка паступіў на адрас Белтэлерадыёкампаніі 27 красавіка. Цяпер ён знаходзіцца на разглядзе ў кіраўніцтва”, ― пацвердзіла прэс-сакратар Белтэлерадыёкампаніі Святлана Смалонская-Краскоўская. Пры гэтым, што такое “на разглядзе” і наколькі верагодная фактычная забарона хітоў, якія ўжо даўно сталі народнымі, Святлана не патлумачыла: “Гэта ўсё, што я магу пракаментаваць на гэты момант”.

З часам Эдурд Ханок адмовіўся ад ідэі, падаваць у суд на Ядзвігу Паплаўскую і Анатоля Ярмоленку, пакінуўшы варыянт выкупіць песні і выконваць іх далей за 25 тысяч долараў. У якасці прыкладу станоўчага вырашэння падобнага канфлікту, Эдуард Сямёнавіч прывёў Аляксандру Саладуху, які па першым патрабаванні выплаціў кампазітару патрэбную сумму за песню “Здравствуй, чужая милая”.

“Я параіўся са сваім унутраным светам і прыняў рашэнне, ― кажа Аляксандр Саладуха. ― Калі быць шчырым з самім сабой, то я вельмі шмат падняў на гэтай песні. Таму маё сумленне падказала мне, што трэба разлічыцца, і потым спакойна спяваць далей. Тым больш, што гэтая песня прыносіла, прыносіць і будзе прыносіць далей столькі, што…”

Калі ж ні Ярмоленка, ні Паплаўская выкупіць песні Ханка не пагодзяцца, то цалкам верагодна, што выконваць “Малінаўку” і “Вы шумiце, бярозы” будуць іншыя спевакі.

“Я маю поўнае законнае права, бо гэта мае выключныя правы, прадаць песні тым, хто пажадае. Гэта пытанне размовы, абмеркавання, ― кажа Эдуард Ханок пра верагоднасць прадаць хіты іншым выканаўцам. ― Так жа, як у мяне ёсць дамова з Вітасам і бацькам Марыны Дзявятавай на выкананне песні “Потолок ледяной”. Яны заключылі са мной дамову, мы з імі вырашылі, што да чаго, і ўсё, яны могуць спяваць. Бо з 20 траўня толькі я магу даваць дазвол на тое, спяваць іх ці не”.

Падобнага прэцэдэнту ў Беларусі яшчэ не было. З гэтай нагоды мясцовыя музычныя прадзюсары выказалі меркаванне, што хваля, якую падняў Эдуард Ханок, прывядзе да вялікіх перамен у заканадаўстве па аўтарскім праве. Тым больш, што абарона правоў аўтараў ужо даўно патрабуе сур’ёзнага ўдасканалення.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі