Дзённік Джорджа Оруэла з'явіцца ў інтэрнэце

Запісы з дзённіка знакамітага англійскага пісьменніка Джорджа Оруэла, зробленыя падчас Другой сусветнай вайны, будуць публікавацца як блог у інтэрнэце. Першы запіс з'явіцца сёлета 9 жніўня — роўна праз 70 год пасля таго, як Оруэл зрабіў першы запіс у сваім дзённіку. Дзённік, які штодзень будзе абнаўляцца ў блогу, датуецца 1938-1942 гадамі.

За гэты час можна будзе прачытаць пра жыццё Оруэла ў Марока, куды пісьменнік паехаў апраўляцца ад раны, атрыманай падчас Іспанскай грамадзянскай вайны. Значная частка дзённіку прысвечаная разважанням пісьменніка пра палітыку і журналістыку.

Прафесар Джын Сітан, старшыня аргкамітэта прэміі імя Оруэла, якую ўручаюць за палітычныя тэксты, сказала, што пісьменнік быў відавочцам і храністам 1930-х, ён пакінуў запісы пра ўсё: беспрацоўе, плёткі, фашызм, камунізм і гадоўлю курэй.

Сітан дадала, што "на ўсе праблемы, нацыянальныя і міжнародныя, ён глядзеў як вялікі пісьменнік і прыстойны чалавек".

Нагадаем, што Джордж Оруэл (сапраўднае імя Эрык Артур Блэр) нарадзіўся ў 1903 годзе ў Моціхары ў Індыі і сканаў у Лондане ад сухотаў у 1950 годзе.

Вядомасць пісьменніку прынеслі нарысы пра жыццё англійскіх шахцёраў у бедных раёнах, успаміны пра вайну ў Іспаніі, літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя працы.

Аднак шырокай публіцы больш знаёмыя яго сатырычная аповесць "Скотны двор" (1945) і раман-антыўтопія "1984 год" (1949).

Фота: www.lifehack.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі