Дзяўчыну, якую лічаць датычнай да гібелі Уладлена Татарскага, затрымалі

Выбухоўка была ў статуэтцы, якую блогеру перадала дзяўчына / @fontankaspb
Выбухоўка была ў статуэтцы, якую блогеру перадала дзяўчына / @fontankaspb

Следчы камітэт Расіі пацвердзіў, што Дар'я Трэпава затрыманая. Раней дзяўчыну абвясцілі ў вышук па падазрэнні ў датычнасці да забойства расійскага ваеннага блогера Уладлена Татарскага. Лічыцца, што яна перадала Татарскаму статуэтку, у якой знаходзілася выбуховае прыстасаванне. Блогер загінуў. У выніку выбуху таксама пацярпелі 32 чалавекі, больш за 20 з іх знаходзяцца ў бальніцы, 10 — у цяжкім стане. Гэта была сустрэча Татарскага з чытачамі ў кавярні.

Дзяўчыну затрымалі ў кватэры знаёмага ў Санкт-Пецярбургу, піша "Фантанка". У яе на руках ужо былі білеты ва Узбекістан.

Адзін з удзельнікаў сустрэчы ў кавярні расказаў "Фантанцы", што дзяўчыну спачатку не пускалі ў залу са скрынкай, прасілі пакінуць яе ў гардэробе. "Дзяўчына, якая статуэтку прынесла, сядзела крыху далей ад мяне, і калі пачала ўсё гэта гаварыць, яна сказала, што яе на ўваходзе не прапусцілі, кажучы, што "там бомба". Яна наўпрост так сказала. І яна папрасіла ў яго дазволу: "Дазвольце ўсё ж занясу". І Уладлен кажа: "Заносьце, заадно і праверым". Гэта былі яго словы, гэта дакладна", — расказаў мужчына.

Сапраўднае імя Уладлена Татарскага — Максім Фамін. Ён нарадзіўся ў Макееўцы Данецкай вобласці. Пасля школы працаваў на шахце, потым адкрыў бізнес па продажы мэблі, збанкрутаваў, абрабаваў банк і трапіў у турму. Гэта было ў 2011 годзе. Улетку 2014-га, калі побач з калоніяй ішлі баі, збег і ўступіў у апалчэнне. Пазней быў зноў арыштаваны, бо юрыдычных падставаў для яго вызвалення не было. Але яго памілаваў кіраўнік так званай ДНР Аляксандр Захарчанка. Татарскі таксама вядомы тым, што на прыёме ва Уладзіміра Пуціна, прысвечаным анексіі ўкраінскіх тэрыторый, у верасні 2022 года заявіў: "Усіх пераможам, усіх заб'ём, усіх, каго трэба, абрабуем. Усё будзе так, як нам падабаецца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі